2010-11-26 13:56:44

Бэнэдыкт XVI да каталіцкіх журналістаў: клапаціцеся аб вашых глыбокіх адносінах з Хрыстом


RealAudioMP3 "Заданнем інфармацыйных органаў Касцёла з’яўляецца мужнае служэнне праўдзе, каб дапамагчы грамадскай думцы ва ўспрыманні рэальнасці з евангельскага пункту гледжання" - сказаў Папа, прымаючы ўдзельнікаў сустрэчы Італьянскай федэрацыі каталіцкіх штотыднёвікаў. Да яе належыць 188 часопісаў, якія выдаюцца ў розных дыяцэзіях.

Гаворачы аб канкрэтных функцыях каталіцкіх часопісаў, Святы Айцец паказаў на задачу пропаведзі Добрай Навіны праз апавяданне аб канкрэтных фактах, якія перажываюць хрысціянскія супольнасці і рэальнай сітуацыі, у якой яны знаходзяцца.

"Як невялікая колькасць дрожджаў, змешаных з мукой, робіць так, што расце ўсё цеста, так і Касцёл, прысутны ў грамадстве выклікае рост і паспяванне таго, што з’яўляеўцца ісцінай, дабром і прыгажосцю. Ваша задача ў тым, каб здаваць сабе справу з гэтай прысутнасці, якая спрыяе і ўмацоўвае тое, што сапраўды чалавечае, і што дае сучаснаму чалавеку пасланне праўды і надзеі Пана Езуса"- сказаў Папа Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў, што адной з асноўных праблем у сучасным постмадэрнісцкім культурным кантэксце з’яўляецца спосаб разумення ісціны. Таму што дамінуючая культура, найбольш распаўсюджаная на медыйным Арэапагу, мае скептычнае і рэлятывісцкае стаўленне да ісціны, разглядаючы яе ў адным шэрагу з традыцыйнымі перакананьнямі і думкамі, і таму, як шмат розных і магчымых "ісцін". Аднак, жаданне, якое існуе ў чалавечым сэрцы дэманструе няздольнасць здавольвацца "частковай ісцінай". Па гэтай прычыне чалавек імкнецца да глыбейшай праўды, якая б магла паказаць яму сэнс жыцця. Гэты пошук можа асягнуць сваю мэту толькі ў абсалюце. Праўда, якой жадае чалавек, гэта асоба: Пан Езус – падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў каталіцкіх журналістаў, каб іх часопісы былі "газетамі людзей, якія імкнуцца распаўсюджваць сапраўдны дыялог паміж рознымі сацыяльнымі плынямі, сапраўдным форумам для абмеркавання і лаяльных дэбатаў паміж рознымі меркаваннямі. Каталіцкія часопісы, выконваючы важныя інфармацыйныя задачы, адыгрываюць таксама фарміруючую ролю, спрыяючы евангельскаму разуменню складанай рэальнасці і адукацыі крытычных і хрысціянскіх сумленняў, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што неабходнай умовай для добрага выканання задач, якія стаяць перад каталіцкімі журналістамі, павінен быць пастаянны клопат аб глыбокіх адносінах з Хрыстом. "Толькі глыбокія адносіны з Ім зробяць вас здольнымі несці пасланне збаўлення для сучаснага чалавека", - сказаў Бэнэдыкт XVI. Ён заклікаў сваіх гасцей да мужнага сведчання веры і добрых адносінаў з біскупамі, каб мець магчымасць супрацоўнічаць з імі ў евангелізацыйнай працы Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.