Біскуп Кашкевіч: трэба нанава адкрыць нашыя хрысціянскія спадзяванні
Біскуп Гродзенскі
Аляксандр Кашкевіч скіраваў да сваіх дыяцэзіянаў ліст з нагоды Адвэнту, які распачынаецца
ў наступную нядзелю.
Іерарх закранае тэму чакання ў жыцці чалавека. “Малое
дзіця чакае клопату і дапамогі ад сваіх бацькоў, падлеткі сумуюць па цеплыні бацькоўскага
дома з бацькамі, якія па-сапраўднаму кахаюць адно аднаго. Малады чалавек марыць аб
паступленні ў добрую навучальную ўстанову, дарослы задумваецца над стварэннем удалай
сям’і і добра аплочваемай працай. Сужэнцы спадзяюцца на ўзаемнае каханне. Бацькі жадаюць,
каб іх дзеці выраслі добрымі людзьмі. Людзі старэйшага ўзросту чакаюць спакойнай старасці
і зычлівасці з боку сваіх дзяцей і ўнукаў.”
У наш час трэба шмат старацца,
каб гэтыя спадзяванні сапраўды спраўдзіліся. Пакуты чалавека і яго расчараванні звязаныя
перш за ўсё з адсутнасцю любові да Бога і паміж намі — у сем’ях і грамадстве, у якім
мы жывём.
“Нам вельмі лёгка гаварыць Богу пра сваю любоў, - кажа біскуп Кашкевіч
- але як жа цяжка любіць Хрыста ў іншым чалавеку сваімі справамі! На перашкодзе адкрытай
і радаснай службе паўстаюць хваробы сучаснага свету: інфекцыя абыякавасці, ляноты,
амаральнасці, пагоня за прыемнасцямі і ўладай; адсутнасць узаемнай пашаны і слухання.”
Біскуп кажа, што нам нельга скардзіцца на іншых з-за таго, што ў нас нешта
не атрымалася, нехта нас расчараваў ці нешта не ладзіцца паміж людзьмі — трэба нанава
адкрыць нашыя хрысціянскія спадзяванні! Спадзяваннем кожнага хрысціяніна павінна быць
імкненне да святасці. Святымі ў кожным жыццёвай пазіцыі і пакліканні хоча таксама
мець нас у сябе Хрыстус.
Гродзенскі Біскуп заклікае да малітвы ўдзячнасці за
дыяцэзію, якая ў 2011 годзе будзе адзначаць 20-годдзе свайго існавання, і заахвочвае
да актыўнага ўдзелу ў парафіяльных місіях і перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага
па дыяцэзіі.