2010-11-25 13:27:47

Арцыбіскуп Фізікелла: у Еўропе існуе нейтральнасць светапоглядаў з антыхрысціянскім падтэкстам


RealAudioMP3 Значэнне Еўрасаюза для Касцёла, а таксама каталіцызму для аб’яднанай Еўропы — галоўныя тэмы, якія былі ўзняты падчас пасяджэння, прымеркаванага да 30-годдзя Камісіі епіскапатаў еўрапейскай супольнасці (COMECE), якое адбылося 24 лістапада 2010 г. у Бруселі (Бельгія).

Як адзначыў старшыня COMECE біскуп Адрыян ван Люн, Касцёл павінен сачыць за працэсам еўрапейскай інтэграцыі. Ён не можа, напрыклад, дабівацца вырашэння нейкіх праблем, але можа звяртаць увагу на неабходнасць шанавання правоў чалавека, супольнага дабра, прынцыпаў узаемадапамогі і салідарнасці, якія вынікаюць з вучэння Касцёла аб грамадстве.

Па словах біскупа, умовай для захавання хрысціянства ў Еўропе з’яўляецца ўдзел яго вызнаўцаў у будаванні еўрапейскай супольнасці і распачацце дзейнасці на карысць больш гуманнай будучыні кантынента.

У сваю чаргу, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Рыно Фізікелла выказаў перакананне, што Еўропа не павінна саромецца сваіх хрысціянскіх каранёў, бо ў адваротным выпадку стане кантынентам без будучыні.

Па словах арцыбіскупа Фізікеллы, пад дзеяннем крызісу сёння Еўропа пазбаўляецца таго, што было пэўным яшчэ ўчора: упэўненасці ў працы, сацыяльных гарантый, жылля, пенсійнага забеспячэння. Адказам на гэтую сітуацыю можа стаць стварэнне новага гуманізму, у чым, у сваю чаргу, магчымы і ўклад католікаў. Прадстаўнік Ватыкана перасцярог перад небяспекай маргіналізацыі хрысціян у Еўропе. «Еўропа ніколі не можа стаць сапраўды аб’яднанай, калі парве са сваім мінулым. Яна не зможа прывіць насельнікам, такім розным, пачуцця прыналежнасці да чагосьці, што пазбаўлена каранёў і душы. Такі праект не зможа ўвянчацца поспехам», — падкрэсліў іерарх.

Як адзначыў старшыня Папскай рады, толькі дзякуючы трывалай адметнасці, у стварэнні якой прымуць удзел усе, Еўропа стане здольнай да супрацьстаяння ўсялякім формам фундаменталізму і экстрэмізму, якія ўсё больш пагражаюць нашым краінам. У Еўропе, па словах арцыбіскупа, існуе нейтральнасць светапоглядаў з антыхрысціянскім падтэкстам. Перад абліччам гэтай з’явы католікі не згодны быць маргіналізаванымі. «Мы перакананы, што наш уклад мае істотнае значэнне для пазітыўнага цячэння працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Без прысутнасці католікаў у Еўропе пагражае збядненне і ізаляцыя. Менавіта таму мы хочам быць выслуханы, каб яшчэ раз магло выявіцца багацце нашай веры», — дадаў прадстаўнік Ватыкана.







All the contents on this site are copyrighted ©.