2010-11-22 13:08:45

Кс. Ламбардзі: Папа не даваў дазволу на ўжыванне прэзерватываў


RealAudioMP3 Святы Айцец Бэнэдыкт XVI не праводзіць рэформы і не змяняе навучання Касцёла, а толькі пацвярджае яго, указваючы на перспектыву каштоўнасці і годнасці чалавечай сексуальнасці як выражэння любові і адказнасці. Так кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI каментуе паведамленні СМІ, якія сенсацыйна цытуюць вырваныя з кантэксту фрагменты кнігі «Святло свету», што ўяўляе сабой інтэрв’ю з Бэнэдыктам XVI і павінна выйсці 23 лістапада 2010 г. Мас-медыя адкрыта кажуць пра «рэвалюцыйны паварот» у стаўленні Касцёла да антыканцэпцыі.

Пантыфік, адказваючы на пытанне журналітса Пэтэра Сівалда, сказаў дакладна так: “Засяроджванне ўвагі толькі на прэзерватыве азначае баналізацыю сэксуальнасці, а гэтая баналізацыя з’яўляецца небяспечнай прычынай, з-за якой так шмат асобаў ужо не бачыць у сэксуальнасці выразу сваёй любові, але толькі своеасаблівы наркотык, які самі ўжываюць. Пагэтаму барацьба з баналізацыяй сэксуальнасці – гэта частка велізарнага намагання, каб сэксуальнасць ацэньвалася пазітыўна і магла аказваць свой пазітыўны ўплыў на чалавечую істоту як цэласнасць. Могуць узнікаць паасобныя зразумелыя выпадкі, напрыклад, калі прэзерватыў выкарыстоўвае прастытутка, і гэта можа быць першым крокам у кірунку маралізацыі, першае ўзрушэнне адказнасці, каб развіць новую свядомасць факту, што не ўсё дазволена і не можна рабіць усяго, на што маеш жаданне. Аднак гэта не праўдзівы спосаб пераадолення ВІЧ. Сапраўды, існуе неабходнасць гуманізацыі сексуальнасці”

Дырэктар Прэс-службы Ватыкана ўказвае на паслядоўны падыход Бэнэдыкта XVI да справы прадухілення СНІДу і ўжывання прэзерватываў. Святы Айцец узняў гэтую тэму ўжо падчас свайго афрыканскага падарожжа ў сакавіку 2009 г., указваючы на асноўнае значэнне ўстрыманасці і вернасці — каб пазбегнуць эпідэміі. Таксама ў інтэрв’ю з Пэтэрам Сівалдам ён перасцярог перад баналізацыяй чалавечай сексуальнасці, якая можа скрывацца за прапагандаваннем прэзерватываў.

«Пантыфік абсалютна не апраўдвае маральна неўпарадкаванае сексуальнае жыццё, — чытаем ў ватыканскай заяве. — Ён, аднак, лічыць, што ўжыванне прэзерватываў пры небяспецы заражэння з’яўляецца „першым актам адказнасці“. Гэта быў бы „першы крок на шляху да больш чалавечай сексуальнасці“, чым калі б жыццё іншага чалавека падвяргалася шкодзе без ужывання прэзерватываў». Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы звяртае ўвагу, што ў гэтым меркаванні няма нічога рэвалюцыйнага і такую ж пазіцыю займаюць многія знаўцы маральнай тэалогіі і ўлады касцёльныя.

«З іншага боку, праўдай з’яўляецца тое, што мы яшчэ не чулі гэтага з вуснаў Папы, хоць ён гаварыў пра гэта ў размоўнай форме, якая не была дактрынальным навучаннем Magisterium», — дадае кс. Ламбардзі. Адзначае пры гэтым, што Бэнэдыкт XVI адважна і ясна спаборнічае з гэтай дыскусійнай тэмай, адкідваючы, з аднаго боку, «давер прэзерватывам», а з іншага — падыходзячы з разуменнем да людзей, якія крыху на вобмацак шукаюць больш чалавечага і адказнага перажывання сексуальнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.