2010-11-20 14:48:55

Бэнэдыкт XVI уручыў 24 кардынальскія бірэты


RealAudioMP3 "Касцёл кожнай эпохі абавязаны падпарадкоўвацца логіцы службы і Крыжа, сведчання пра яе, каб паўстала сапраўды "валадаранне Бога", валадаранне любові", - сказаў Папа падчас публічнага кансісторыя ў Ватыканскай базыліцы для ўстанаўлення новых кардыналаў.

Святочны кансісторый меў форму набажэнства Божага Слова. Пасля ўступных абрадаў Святы Айцец прачытаў формулу ўстанаўлення, у якой ён адзначыў, што новыя пурпураты будуць яшчэ больш спалучаны з Пасадам Пятра, стануць членамі духавенства Рыма і павінны быць непахіснымі сведкамі Хрыста. Затым Папа прачытаў іх прозвішчы, пачынаючы ад прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэла Амато.

Менавіта ён звярнуўся да Бэнэдыкта XVI ад імя новых кардыналаў і запэўніў Папу ў любові, вернасці, даверы і адданасці новых членаў Калегіі кардыналаў. "Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць і адданасць у адносінах да Касцёла Хрыста, Якога мы заклікаем сёння як Валадара Сусвету, а таксама Вашай Святасці, разумеючы гонар, дзякуючы якому мы можам працаваць разам на карысць нашых братоў, у цесным зносінах з наступнікам Пятра, з Вамі, Святы Ойча, які акрэсліў сябе як "пакорны слуга ў вінаградніку Пана", - сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Пасля літургічных чытанняў, Святы Айцец прамовіў казанне. Ён адзначыў, што новыя пурпураты далучаюцца да спецыяльнай групы бліжэйшых супрацоўнікаў Пераемніка Пятра, каб "карміць авечак Хрыстовых, каб аб'яднаць народы стараннасцю любові Хрыстовай" - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI спаслаўся на словы Евангелля, якія кажуць, што Езус прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць іншым. Папа адзначыў, што Яго стыль жыцця становіцца асновай новых адносін ўнутры хрысціянскай супольнасці і новага спосабу кіравання. "Яго шлях у Ерусалім з'яўляецца пакорным даваннем сябе аж да ахвяравання жыцця. Гэта дарога Мукі і дарога Крыжа. Аднак, вучні з цяжкасцю разумеюць, што трэба перайсці ад ментальнасці свету да ментальнасці Бога. Прыкладам з'яўляюцца два сыны Зевядзеевы, Якуб і Ян, якія просяць Езуса, каб даў ім першыя месцы, побач з ім у "Хвале". Адлюстроўваюць такім чынам, чаканні і планы велічы, улады, прывілеяў паводле свету. Езус, аднак, не саромеючыся гэтага запыту, вядзе іх да зразумення таго, што значыць ісці за Ім. Паказвае, што шлях таго, хто хоча быць яго вучнем, азначае поўнае паслушэнства Богу"- сказаў Святы Айцец і дадаў: "Чалавек не павінен жыць паводоле разліку, а проста даверыцца Богу, без прэтэнзій, падпарадкавацца Яго волі".

Папа адзначыў, што абурэнне іншых вучняў стала магчымасцю пашырыць навучанне на цэлую супольнасць. Як піша евангеліст Езус “паклікаў іх да сябе”, заахвочваючы вярнуцца да свайго першапачатковага паклікання. "Гэты нагад аб моманце паклікання Дванаццаці вельмі значны, бо нагадвае, што кожнае служэнне ў Касцёле, заўсёды адказ на Божы заклік. Ніколі не з’яўляецца плёнам уласнага плану або амбіцый, але падпарадкаваннем сваёй волі, волі Айца Нябеснага, так як зрабіў гэта Хрыстус у Гефсіманскім садзе", - тлумачыў Папа.

"У Касцёле ніхто не гаспадар, але ўсе пакліканыя, усе пасланыя, усіх дасягае і ўсімі кіруе Божая ласка. Яна з’яўляецца нашай бяспекай! Толькі слухаючы нанава словы Есуса, які просіць: "Ідзі за мною", толькі вяртаючыся да першапачатковага паклікання можна зразумець сваю прысутнасць і місію ў Касцёле як сапраўдных вучняў", - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў, што крытэрыем вялікасці і першынства паводле Бога з’яўляецца не ўлада, а служба. Ён нагадаў, што Есус зрабіў сінтэз сваёй місіі ў катэгорыі службы, разуметай не ў агульным сэнсе, а канкрэтна - Крыжа, поўнага аддання свайго жыцця як "адкупленне" за многіх, і паставіў як умову наследвання Яго.

Звяртаючыся да новых кардыналаў, Святы Айцец падкрэсліў, што місія, да якой Бог заклікае іх сёння, патрабуе моцнай волі наследавання стылю Сына Божага, які прыйшоў да нас, як Той, хто служыць. "Гаворка ідзе пра наследавання Яго ў Яго дары любові пакорнай і поўнай для Касцёла, Яго нявесты, на Крыжы. Менавіта на гэтым дрэве пшанічнае зерне, упаўшы па волі Айца на поле свету адмірае, каб стаць спелым плодам. Таму неабходна глыбейшае і мацнейшае закараненне ў Хрысце"- заахвоціў Папа.

Бэнэдыкт XVI прапанаваў вернікам, якія прыбылі з новымі кардыналамі, добрасумленна маліцца за іх. Ён пажадаў новым пурпуратам падтрымкі Святога Духа ў іх служэнні Касцёлу, а таксама наследавання ўкрыжаванага Хрыста, нават, калі гэта неабходна, аж да праліцця крыві, заўсёды гатовымі абараняць Яго перад кожным, каб апраўдаць надзею, якая на іх паладзена.


Пасля гаміліі Святы Айцец уручыў кожнаму новаму пурпурату кардынальскі бірэт. У сваю чаргу, яны падыходзілі да іншых членаў Кардынальскай калегіі, каб абмяняцца з імі "пацалункам спакою".

Затым адбылася Малітва вернікаў. Яе інтэнцыі прагучалі на на арабскай, італьянскай, англійскай, нямецкай, польскай і іспанскай мовах.

Цырымонія завяршылася малітвай "Ойча наш" і папскім благаслаўленнем.

У другой палове дня новыя кардыналы прынялі віншаванні ад вернікаў, якія прыбылі ў Рым.

Заўтра новапрызначаныя кардыналы будуць канцэлебраваць з папам Бэнэдыктам XVI святую Імшу, падчас якой атрымаюць кардынальскія пярсцёнкі.







All the contents on this site are copyrighted ©.