2010-11-18 16:38:13

Homo caritatis. Сацыяльнае навучанне Папы Пія ХІІ


Пантыфікат Папы Пія ХІI пачаўся ў складаны для свету час. У гэты год свет пагрузіўся ў жах крывавых бойняў, пераследаў, зневажання годнасці і правоў чалавека. Таму першым заклікам Пантыфіка, быў заклік да любові паміж народамі.

Менавіта ў 1939 годзе, у самым пачатку Другой сусветнай вайны, Папа Пій ХІІ напісаў сваю першую энцыкліку Summi pontificatus “Ад найвышэйшага Пантыфіка”, у якой казаў аб неабходнасці і тэрміновасці мірнага суіснавання паміж народамі. Пад мірнам суіснаваннем Пантыфік разумеў не толькі адмову ад якой бы то ні было формы гвалту, але таксама разуменне братэрства паміж народамі і фундаментальнага адзінства чалавечай сям’і. Гэтае адзінства, казаў Папа, узбагачаецца таксама рознасцю народаў і нацый, якія пакліканы жыць у гармоніі і любові. Касцёл паважае і абараняе каштоўнасці і ўнікальную спадчыну кожнай краіны і натхняе народы на паяднанне ў любові, якая паходзіць ад Хрыста.
“Бог – Айцец усіх, той, Які па-над усімі, для ўсіх і ва ўсіх... Каб зрабіць прыязнь паміж Богам і чалавецтвам, Божы Пасрэднік збаўлення і супакою, у святой цішыні Вячэрніка, перш чым спажыць найвялікшую ахвяру, прамовіў словы, які гучаць праз стагодзі, словы якія натхняюць да гераічнай любові ў свеце, які церпіць ад нянавісці: “Вось маё прыказанне: любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас”.

Пасярод стогнаў міліёнаў людзей, выбухаў снарадаў і бомбаў, якія заглушалі голас сумлення тых, хто меў адказнасць за лёсы народаў, Папа заклікаў прыслухацца да голасу Касцёла, бо Касцёл мае шматвяковы вопыт клопату аб чалавеку, таму “яму ёсць што сказаць людзям”. У адным са сваіх радыёпасланняў Пій ХІІ адзначыў вялікі маральны і духоўны аўтарытэт, які мае Касцёл у сацыяльных справах.

Папа кажа: “Касцёл мае бяспрэчную кампетэнцыю у справе ацэнцы таго, ці з’яўляецца пэўны сацыяльны парадак згодным з парадкам нязменным, тым, які паказаў Бог Стварыцель і Адкупіцель. Касцёл павінен фармаваць сумленне, таксама і тых, хто пакліканы да таго, каб шукаць вырашэння праблемаў і выконваць абавязкі ў сацыяльнай сферы. Ад формы грамадства, ці яна адпавядае Боскаму закону ці не, залежыць таксама зло ці дабро душаў, гэта значыць, каб людзі, пакліканыя да таго, каб быць ажыўленымі ласкамі Хрыста, у жыцці зямным удыхалі здаровае і жыватворчае паветра праўды і маральных цнотаў, а не хваравітыя і часта смяротныя бацылы памылак і разбэшчанасці”.
Папа казаў аб тым, што дзяржава не павінна прэтэндаваць на абсалютную ўладу, бо гэта вядзе да ўпадку грамадскай маральнасці і да разлажэння ўсяго грамадскага жыцця. Задача дзяржавы – накіроўваць асобных людзей і групы да агульнага дабра. Гэта значыць дзяржава павінна клапаціцца аб грамадзянах, прыходзіць на дапамогу, калі гэта неабходна.
Гэтыя словы Папы вельмі важныя для разумення таго, якую ролю ў грамадстве выконвае Касцёл і яго сацыяльнае навучанне. Касцёл не настойвае на абароне нейкай пэўнай палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сістэмы, але дае аўтарытэтнае суджэнне, ці гэтая сістэма годная чалавека, ці яна адпавядае Боскаму парадку, ці яна не перашкаджае збаўленню.

Сваё святочнае выступленне на радыё ў Божае Нараджэнне 1944 года Пій ХІІ прысвяціў праблеме дэмакратыі, яе сутнасці і ўмовам яе рэалізацыі. Папа адзначыў, што пасля цяжкага вопыту дыктатарскіх рэжымаў, якія абудзілі народы з апатыі, мы становімся сведкамі вялікага пад’ёму дэмакратычнага духу. Сутнасць дэмакратыі заключаецца ў тым, кажа Папа, што пры такім строі грамадзяне маюць права выказацца з нагоды абмежаванняў і абавязкаў, якія кладуцца на іх плечы, а таксама не павінны слухацца, калі не будуць выслуханыя. Па гарманічнасці такога кантакту паміж уладамі і грамадзянамі можна меркаваць, наколькі дэмакратыя здаровая і ураўнаважанная, наколькі нармальна яна развіваецца.

Калі мы імкнемся да дэмакратыі, то маем на ўвазе глыбокае і незалежнае разуменне грамадзянамі патрэбаў супольнага дабра, казаў Пантыфік. Таму дзяржава павінна быць не механічнай масай людзей, але арганічным і арганізаваным адзінствам адной нацыі.
У чым жа розніца паміж нацыяй і масай людзей? Папа, казаў, што нацыя жыве паўнатой свайго жыцця, кожны чалавек знаходзіцца на сваім месцы, асэнсоўвае сваю адказнасць, правы і свабоды, дае сілы ўсім органам кіруючай улады і падштурхоўвае яе да сваіх мэтаў. Гэта значыць існуе пэўная аўтаномія грамадства адносна дзяржавы. Маса людзей, наадварот пасіўна чакае імпульсу звонку, яна становіцца паслухмянай у руках тых, хто яе выкарыстоўвае для сваіх эгаістычных мэтаў. Папа кажа, што маса – гэта вораг дэмакратыі і яе ідэалаў свабоды і роўнасці. Так Пантыфік адлюстраваў стан грамадства ў краінах дзе панавалі таталітарныя рэжымы, перш за ўсё фашысцкія.

На гэтым мы развітваемся да наступнага тыдня, калі мы працягнем размову аб гісторыі сацыяльнага навучання Касцёла. Пахвалёны Езус Хрыстус!











All the contents on this site are copyrighted ©.