2010-11-18 16:30:32

Homo caritatis. Леў ХІІІ і і яго энцыкліка Rerum Novarum


Зімой 1843 году арцыбіскуп Вінчэнца Пэччы, накіроўваўся з Рыму на поўнач Еўропы, каб пачаць працу ў якасці апостальскага нунцыя ў Брусэлі. У той час у Бельгіі, Галандыі, Францыі, Германіі, ўжо даволі хутка развіваліся капіталістычныя адносіны, навукова-тэхнічны прагрэс і індустрыялізацыя, ў той час як, Папская Дзяржава заставалася ціхай, у пераважнасці аграрнай краінай. Менавіта на поўначы Еўропы, будучы Папа Леў ХІІІ упершыню убачыў суіснаванне сучаснага свету і хрысціянскай веры.

Ягоны папярэднік на пасадзе Святога Пятра Папа Пій ІХ ў 1864 выдаў дакумент у якім асудзіў 80 памылак сучаснага свету, сярод якіх лібералізм, сацыялізм, атэізм і іншыя пытанні, якія датычыліся грамадства і Касцёла (у тым ліку і так званы некасцёльны шлюб). Праз год армія пад кіраўніцтвам Гарыбальдзі, скончыла аб’яднанне Італіі, і канчаткова захапіла Папскую дзяржаву і Рым. Урады Італіі і Францыі забаранілі друкаваць гэты папскі дакумент на сваіх тэрыторыях. Перад вернікамі стаяла пытанне каму верыць – Папе ці ўраду. Канфлікт паміж свецкімі дзяржавамі і Папай, дасягнуў сваёй крайняй кропкі, і ніхто не хацеў ісці на прымірэнне.

У гэты час арцыбіскуп Печчы, ужо вярнуўся з Бельгіі і быў пастырам ў Перуджыі, прыкладна ў 200 км ад Рыму. Юнацкі вопыт жыцця і працы на поўначы Еўропы вельмі паўплываў на будучага Папу. У адрозненне ад сваіх калегаў, італьянскіх біскупаў і кардыналаў, якія складалі большасць у Рымскай курыі, арцыбіскуп Печчы ведаў не па чутках, аб тагачасных грамадскіх праблемах выкліканых сацыяльна-эканамічнымі пераменамі ХІХ стагоддзя. Таму, будучы біскупам у Перуджы, Вінчэнца Печчы, рэгулярна чытаў французскую і нямецкую прэсу і падтрымліваў кантакты са шматлікімі каталіцкімі актывістамі, якія працавалі у сферы праблемаў рабочых на поўначы Еўропы. Адным з ягоных сяброў, быў нямецкі барон, знакаміты арцыбіскуп Вільгельм фон Кэттэлер , абаронца правоў рабочых і прыватнай уласнасці, аўтар кнігі “Рабочае пытанне і хрысціянства”. Кэттелер лічыў, што калі хрысціянства сілай Евангелля перамагло рабства, то у Новы час Касцёл пакліканы да вырашэння новай, складанай, але, на думку Кэттэлера, выканальнай праблемы. І будучы папа Леў ХІІІ быў цалкам з ім згодны.

Пасля смерці Папы Пія ІХ у 1878 годзе, арцыбіскуп Печчы, быў абраны на пасад Святога Пятра, і узяў сабе імя Льва ХІІІ, на успамін папы Льва ХІІ, якога ён вельмі шанаваў з маладосці. У той час Леў ХІІІ, меў ужо даволі слабое здароўе, таму шмат хто казаў аб тым, што гэта будзе Папа пераходнага перыяду, і хутка трэба будзе выбіраць новага. Але насуперак такім меркаванням пантыфікат Льва ХІІІ, стаў адным з самых доўгіх пантыфікатаў у гісторыі папства і працягнуўся 25 год. За гэтыя гады, Леў ХІІІ напісаў 86 энцыклік, больш за ўсіх сваіх папярэднікаў і нашчадкаў. Самай знакамітай яго энцыклікай стала менавіта Rerum Novarum.

Канешне, гэта не была адзіная энцыкліка Льва ХІІІ аб грамадскіх праблемах, але яна стала першай энцыклікай якая, уключала глыбокі аналіз праблемы, а таксама прапановы для яе вырашэння, якія грунтаваліся на вопыце людзей і дадзеныя гуманітарных навук. Дзякуючы сваёй актуальнасці і практычнаму характару гэтая энцыкліка атрымала вельмі шырокі рэзананс і натхніла да дзейнасці шмат людзей.

Леў ХІІІ падкрэсліваў ненатуральнасць, і як наступства непрымальнасць нечалавечых умоваў жыцця рабочых, якія павінны быць палепшаны з дапамогай дзяржавы, а таксама падкрэсліваў непрымальнасць капіталізму як культуры, якая характарызавалася жаданнем больш “мець”, чым больш “быць”. Гэта выклікала шмат абвінавачванняў Папы у сімпатыях да сацыялізму. З-за гэтай прычыны нават здаралася, што арганізоўваліся малітвы за Папу, каб той адмяніў сваю энцыкліку.

У той жа час Папа рэзка асудзіў і сацыялістычныя ідэі аб адмене прыватнай уласнасці і неабходнасці “класавай барацьбы”, якая разпальвала варожасць паміж людзьмі.
Папа бачыў будучыню грамадства, у якім дзеля дабра людзей будуць супрацоўнічаць тры галоўныя інстытуты: Касцёл, які будзе выконваць ролю настаўніка і даваць маральную адзнаку падзеям, дзяржава, якая будзе рэгуляваць пытанні справядлівасці у сацыяльнай сферы, а таксама, незалежныя ад дзяржавы, прафесійныя саюзы рабочых, якія будуць арганізаваны па прыкладу сярэдневечных карпарацый, у якіх гаспрадары і працаўнікі не стаяць у апазіцыі адзін да аднаго, але супрацоўнічаюць дзеля агульнага дабра і прыбытку.
Негледзячы на некаторыя свае абмежаванні, энцыкліка Rerum Novarum, стала фундаментам для ўсяго сацыяльнага навучання Касцёла, яна стала першым крокам Касцёла ад закрытасці і супрацьстаяння з тэндэнцыямі сучаснага свету, да супрацоўніцтва і прапановаў, дзеля таго каб зрабіць гэты свет больш чалавечным, больш годным чалавечай натуры, якая створана на падабенства Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.