Homo caritatis. Гісторыя сацыяльнага навучання Касцёла
Патрэба ў папскім навучанні аб сацыяльным жыцці людзей наспела напрыканцы ХІХ стагодзя.
Самая першая сацыяльная энцыкліка Rerum Novarum была напісана ў 1891 годдзе, Папам
Львом ХІІІ. Гэтая энцыкліка была рэакцыяй Пантыфіка на цяжкае становішча, у якім апынуўся
рабочы клас: беднасць, несправядлівасць з боку уладальнікаў прадпрыемстваў, шкодныя
ўмовы працы, чатырнаццаці- або нават шаснаццацігадзіны працоўны дзень, рабочыя былі
нават пазбаўлены права на аб’яднанне. Канешне, Касцёл не мог застацца ў баку ад такіх
грамадскіх праблемаў і таму выступіў у абарону інтарэсаў і правоў рабочага класу.
Так з’явілася першая сацыяльная энцыкліка, якая стала заклікам да дзеяння шматлікіх
біскупаў, святароў і свецкіх, якія імкнуліся рэалізаваць у жыцці тыя крытэрыі, якія
прапанаваў Леў ХІІІ. Энцыкліка Rerum Novarum стала ўзорам і для наступных папаў, якія
таксама пачалі выказвацца аб грамадскіх праблемах свайго часу.
Наступная энцыкліка
была напісана ўжо ў іншых гістарычных умовах – яе выдаў папа Пій ХІ праз сорак год
пасля Rerum novarum. Энцыкліка так і называецца – Саракавы Год - Quadregesimo Anno.
Папа пісаў яе ў часы сусветнага эканамічнага крызісу, які прынёс новыя грамадскія
праблемы. Гэты дакументы былі адрасаваны не толькі рабочым, але людзям усіх прафесій
і заняткаў.
Затым Святы Айцец Пій ХІІ, які кіраваў Касцёлам падчас Другой сусветнай
вайны, а таксама падчас “халоднай вайны”, не напісаў ніводнай сацыяльнай энцыклікі,
але вельмі каштоўнымі для сацыяльнага навучання з’яўляюцца яго радыёпасланні, якія
папа рабіў перад кожным Божым Нараджэннем. Пій ХІІ быў першым з пантыфікаў, які пачаў
шырока выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі, а менавіта радыё, каб распаўсюджваць
Евангелле і навучанне аб годнасці і правах чалавека.
Пасля Другой Сусветнай
вайны адбыліся шматлікія грамадскія, палітычныя, культурныя перамены. Гэта не магло
не паўплываць на характар каталіцкага сацыяльнага навучання. Перад Касцёлам, станавіліся
больш цяжкія заданні – не толькі нагадваць аб хрысціянскіх прынцыпах і папярэджваць
людзей аб магчымых сацыяльных праблемах, але станавіцца больш дынамічным, больш адчувальным
да пераменаў, каб хутка аналізаваць іх і даваць канкрэтныя рашэнні для пераадольвання
ўзнікшых праблем.
У гэтым кантэксце вельмі важнымі сталі энцыклікі Папы Яна
ХХІІІ - Mater et magistra і Pacem in terris, а таксама рашэнні Другога Ватыканскага
Сабору, на якім Касцёл кардынальна перагледзеў сваю пазіцыю адносна праблемаў чалавецтва.
Тэолагі і эксперты, разважаючы над тэалагічнымі пытаннямі імкнуліся фармуліраваць
іх такім чынам, каб яны станавіліся адказам на актуальныя праблемы і патрэбы не толькі
вернікаў, але ўсяго грамадства. На заканчэнне Сабору, у 1965 годзе была прынята Канстытуцыя
аб ролі Касцёла ў сучасным свеце, якая называецца Gaudium et spes (Радасць і надзея),
і якая таксама з’яўляецца важнай для сацыяльнага навучання Касцёла.
Праз два
гады пасля заканчэння працы сабору наступны папа Павел VI, у сваёй энцыкліцы Populorum
progressio (Развіццё народаў), закрануў новыя праблемы грамадства, такія як: сацыяльная
камунікацыя, правы жанчын, экалагічныя праблемы, урбанізацыя, праблемы міграцыі і
дэскрымінацыі. Папа крытыкаваў нацыяналізм і ўтапічныя тэорыі і ідэалогіі. Павел VI
казаў, што для сапраўднага развіцця ўсіх народаў неабходна ахапіць увесь спектр чалавечых
праблем: эканамічных, грамадскіх, культурных, духоўных.
Нарэшце, праблемы
грамадства былі заўсёды вельмі блізкія для папы Яна Паўла ІІ, які прысвяціў ім тры
энцыклікі: Laborem exercens, Sollicitudo rei socialis i Centessimus annus. Святы Айцец
заклікаў да барацьбы з новымі формамі беднасці, якія закранулі грамадства. Папа казаў:
“У сучасным свеце ўзнікаюць шматлікія формы беднасці – не толькі эканамічнай, але
і культурнай і духоўнай. Узрастае культура спажывецтва, якая разбурае чалавека – наркотыкі,
парнаграфія – гэтыя формы спажывецтва, прыводзяць да духоўнага спусташэння чалавека”.
Такім чынам сацыяльнае пасланне Евангелля з’яўляецца натхненнем да дзеяння. Словы
Хрыста: што вы зрабілі аднаму з найменьшых братоў маіх – мне зрабілі, павінны стацца
заданнем для кожнага хрысціяніна. Ян Павел ІІ падкрэсліваў, што абвяшчэнне Евангелля
ў сучасным свеце павінна ўключаць у сябе і абвяшчэнне сацыяльнага вучэння, якое здольнае
адказаць на выклікі часу.
Нарэшце апошняя энцыкліка прысвечаная грамадскім
праблемам, была напісана Святым айцом Бэнэдыктам XVI у 2009. Гэтая энцыкліка называецца
Caritas in veritate – Любоў у праўдзе. У энцыкліцы Папа кажа аб тым, што любоў, якая
бачыцца ў праўдзе, з’яўляецца “галоўнай сілай для сапраўднага развіцця кожнага чалавека
і ўсяго чалавецтва”. Бэнэдыкт XVI заклікае людзей знайсці найглыбейшы сэнс чалавечай
дзейнасці ў любові да праўды (гэта значыць да Бога) і да іншых людзей. З такой пазіцыі
Бэнэдыкт ХVI аналізуе сучасныя эканамічныя, грамадскія, палітычныя, культурныя і рэлігійныя
праблемы. Падрабязна аб папскіх энцыкліках якія склалі сацыяльнае навучанне Касцёла
мы будзем размаўляць у наступных праграмах. Добрага тыдня! Пахвалёны Езус Хрыстус!