2010-11-15 14:48:15

Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі бразільскіх біскупаў


RealAudioMP3 Аб значэнні справы евангелізацыі, якую праводзіць Касцёл для будавання бразільскай адметнасці, нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з групай біскупаў цэнтральна-ўсходняй часткі Бразіліі. Папа ўдзяліў аўдыенцыю іерархам, якія знаходзяцца ў Ватыкане з візітам аd limina Apostolorum.

Па словах Пантыфіка, перад абліччам секулярызацыі неабходна сведчанне жыцця хрысціян, каб абвяшчэнне Евангелля было прынята як тое, чым яно з’яўляецца сапраўды: Радаснай Навіной збаўчай дзейнасці Бога, які выходзіць насустрач чалавеку. У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў значэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Бразіліі, якая ўжо 60 год з’яўляецца месцам, дзе «жыве любоў».

Як адзначыў Святы Айцец, некаторыя праблемы патрабуюць супольнай дзейнасці біскупаў. Гэта праблемы абароны веры і маральнасці, пераклад літургічных кніг, абуджэнне і фармацыя пакліканняў да кансэкраванага жыцця, распрацоўка дапаможнікаў па катэхезе, удзел у справе экуменізму, адносіны са свецкімі ўладамі, абарона чалавечага жыцця ад пачатку да натуральнай смерці, святасці сем’яў і сужэнства мужчыны і жанчыны, абарона права бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей, абарона грамадскай справядлівасці, свабоды веравызнання і іншых правоў чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.