2010-11-09 11:55:02

Кардынал Баньяско: католікі павінны цікавіцца палітыкай


RealAudioMP3 Католікі павінны цікавіцца палітыкай, — адзначыў старшыня епіскапату Італіі кардынал Анджэло Баньяско падчас адкрыцця 62-й Пленарнай канферэнцыі ў Асізі, якая працягнецца да 11 лістапада 2010 г.

Іерарх запэўніў, што італьянскія біскупы па меры сваіх магчымасцяў будуць працягваць праводзіць выхаваўчую дзейнасць, служачы рэалізацыі паклікання і шчасцю новых пакаленняў.

Мітрапаліт Генуі прааналізаваў сітуацыю ў Касцёле паўсюдным і лакальным, ацаніў таксама сітуацыю Італіі. Асаблівы акцэнт іерарх зрабіў на пытанні ўдзелу католікаў у палітычным жыцці краіны. «Католікі павінны цікавіцца палітыкай, а іх ментальнасць павінна характарызавацца навыкам да засяроджання над палітычнымі пытаннямі без страху перад абліччам сур’ёзных праблем, — падкрэсліў кардынал Баньяско. — А асабліва дастасоўваючы маральныя меркаванні, якія не могуць мець выключна дэкламатарскі характар, але павінны мець на мэце адказнасць у сферы грамадства і ўстаноў». Тым больш, што такія праблемы, як цяжкасці ў сем’ях, беспрацоўе дарослых і моладзі, нясуць вялікую занепакоенасць.

Старшыня епіскапату Італіі скрытыкаваў «падзенне ўзроўню на палітычнай арэне». «Калі людзі страчваюць давер да палітычнага класу, яны няўхільна замыкаюцца ў сабе, слабее запал да ўдзелу, усё становіцца абцяжараным і скажоным, перш за ўсё, аднак, не хапае дынамічнай згуртаванасці, неабходнай для супольнага адказу на перашкоды і бачання будучыні краіны», — разважаў біскуп Баньяска.

Іерарх выказаў занепакоенасць уплывам мас-медыя, і перш за ўсё на моладзь. Новыя СМІ даюць шмат, але «калі чалавек не асцярожны, у яго заўсёды штосьці выкрадаюць, і гэтае штосьці сапраўды істотнае». Гэта датычыць дзяцей і моладзі, як адзначыў старшыня епіскапату Італіі, якія гадзінамі прападаюць у Інтэрнэце, а таксама дарослых, якія паддаюцца «нездаровай» інфармацыі, што фактычна падштурхоўвае да абыякавасці і цынізму.

Кардынал Баньяско прызнаў, што і ў Касцёле «былі недапрацоўкі, а нават скандалы, грэх занядбання і здрада даверу». «Не заўсёды мы былі гатовыя ацаніць важнасць пэўных чынаў і зразумець, што пэўныя сітуацыі не ўдасца аздаравіць напамінам, скрухаю… Існуюць скрыўленні псіхікі, якія патрабуюць тэрміновай ізаляцыі і спецыяльнага лячэння акрамя санкцый за здзейсненае беззаконне», — дадаў іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.