2010-11-07 13:51:41

Бэнэдыкт XVI падчас асвячэння касцёла Святой Сям’і заклікаў да пашнавання годнасці сужэнства (поўны тэкст гаміліі)


RealAudioMP3 З удзелам каля 50 тысяч вернікаў прайшла сёння святая Імша у касцёле Святой Сям'і ў Барселоне. Яе ўзначаліў Папа Бэнэдыкт XVI, які знаходзіцца ў Іспаніі з пастырскім візітам. Падчас урачыстай Эўхарыстыі Святы Айцец здзейсніў асвячэнне храма, працы жыцця знакамітага архітэктара Антоніо Гаўдзі (1852-1926).

Па прыбыцці ў касцёл, Бэнэдыкта XVI прывітаў кароль Іспаніі Хуан Карлас са сваёй жонкай Сафіяй і арцыбіскупам Барселоны, кардыналам Луісам Марцінэсам Сісташам. Пасля кароткай цырымоніі, Папа правёў кароткую размову з каралеўскай парай у музейнай зале храма Святой Сям'і.

Святую Імшу разам з Папам канцэлебравалі больш за 1,1 тысяч святароў, у тым ліку 25 кардыналаў.

У храме знайшлося месца для 6500 чалавек, уключаючы шматлікіх законнікаў, законніц і свецкіх прадстаўнікоў іспанскага Касцёла, сем'яў, супрацоўнікаў касцёла Святой Сям'і, хворых, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і рэлігійных арганізацый.

За мурамі касцёла, у тым ліку на вуліцах, прылеглых да яго, было ўсталявана больш за пяць тысяч крэсел. У горадзе было размешчана 33 вялікіх экраны, на якіх святая Імша з удзелам Папы трансліравалася ў прамым эфіры.

Падчас Эўхарыстыі Святы Айцец звярнуў сваю гамілію да сабраных.

Умілаваныя ў Пану браты і сёстры!

Гэты дзень прысвечаны Пану, вашаму Богу, не смуткуйце і не плачце... Радасць Пана гэта вашая сіла” (Нэ 8, 9-11). Гэтымі словамі першага чытання, якое мы прачыталі, жадаю прывітаць вас, якія удзельнічаеце ў гэтым набажэнстве. Дасылаю шчырае прывітанне Іх Высокасці Каралеўскай сям’і Іспаніі, які сардэчна пажадалі быць з намі. Дасылаю маё прывітанне паважанаму кардыналу Луізу Марцінасу Сісташу, Арцыбіскупу Барселоны, якому дзякую за словы прывітання і адданасць гэтаму касцёлу Святой Сям’і, цудоўнага спалучэння тэхнікі, мастацтва і веры. Вітаю таксама кардынала Рыкарда Марыя Карлэса Гордо, арцыбіскупа Барсэлоны на пенсіі, іншых кардыналаў і братоў у біскупстве, асабліва дапаможнага біскупа гэтага Касцёла, а таксама шматлікіх святароў, дыяканаў, семінарыстаў, законнікаў і вернікаў якія удзельнічаюць у гэтым урачыстым набажэнстве. У той жа час, вітаю нацыянальныя, рэгіянальныя і мясцовыя улады, а таксама прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія раздзяляюць нашу радасць і праслаўленне Пана.

Гэты дзень з’яўляецца значным у доўгай гісторыі спадзяванняў, працы і шчодрасці, якія цягнуцца ўжо больш стагодзя. У гэтыя моманты, я хацеў бы ўзгадаць усіх, хто зрабіў магчымай радасць, якая праймае ўсіх нас: ад тых, хто задумаў да тых, хто выканаў гэтую справу; ад архітэктараў і будаўнікоў, да ахвярадаўцаў, чый уклад стаў неабходным для пабудовы гэтага храма. Памятаем, перш за ўсё , таго, хто быў душой і выканаўцам гэтага праэкту: Антоніа Гаўдзі, геніальны архітэктар і сумленны хрысціянін, агонь веры якога гарэў да самага канца ягонага жыцця, якое ён пражыў з годнасцю і з абсалютнай сціпласцю. Гэтая падзея, з’яўляецца таксама, у нейкай ступені, кульмінацыяй каталонскай гісторыі, якая асабліва напрыканцы ХІХ стагодзя, дала мноства святых і заснавальнікаў, мучанікаў і хрысціянскіх паэтаў. Гісторыю святасці, мастацкія і паэтычныя творы, народжанныя з веры, сёння збіраем і прадстаўляем як ахвяру Богу ў Эўхарыстыі.

Радасць з таго што магу ўзначаліць гэтае набажэнства узрасла, калі я даведаўся, што гэты святы будынак, ад самаго свайго пачатку звязана з асобай св. Юзафа. Я зразумеў асаблівую упэўненасць, з якой Гаудзі, насуперак шматлікім цяжкасцям, якія яго напаткалі, меў глыбокі давер да Боскага Провіду: “Святы Юзаф збудуе храм”. Таму сёння не пазбаўлены сэнса факт, што асвячаць гэты касцёл будзе Папа, які мае імя Юзаф.

Што азначае асвяціць гэты касцёл? У сэрцы свету, перад позіркам Бога і людзей, у адным сціплым і радасным акце веры, мы узнялі вялізарнага памеру матэрыю, плён прыроды і незмернае намаганне чалавечага розуму, канстуктара гэтага твору мастацтва. Ён з’яўляецца бачным знакам нябачнага Бога, якому узносяць хвалу гэтыя вежы, указальнікі, якія накіроўваюць да абсалютнага святла і таго, хто з’яўляецца Святлом, Вышынёй і найвышэйшай Прыгажосцю.

У гэтым асяродзі, Гаўдзі хацеў аб’яднаць натхненне, якое паходзіла з трох вялікіх кніг з якіх ён чэрпаў як чалавек, як вернік і як архітэктар: кніга прыроды, кніга Святога Пісання і кніга Літургіі. Так, ён паяднаў рэальнасць свету і гісторыю збаўлення, як нам апісвае Біблія і паказвае Літургія. Уводзіць унутр будынку святога каменя, дрэваў і чалавечага жыцця, так, што ўсе стварэнні сыходзяцца ў праслаўленні Бога, але ў той жа час, вынес звонку “алтары”, каб паставіць перад людзьмі таямніцу Бога, якая аб’явілася ў нараджэнні, цярпенні, смерці і уваскрасенні Езуса Хрыста. Такім чынам, геніяльна супрацоўнічаюць настаўленне для чалавечага сумлення, якое прывязана да свету, адкрыта на Бога, і асветлена і асвечана Хрыстом. Рэалізавалася тое, што сёння з’яўляецца тэрміновым заданнем: перамагчы падзел паміж сумленнем чалавека і сумленнем хрысціяніна, паміж існаваннем у гэтым часовым свеце і адкрыццём на жыццё вечнае, паміж прыгажосцю рэчаў і Богам, як Прыгажосцю. Антоніа Гаўдзі не рэалізаваў усё гэта толькі на словах, але праз камяні, лініі, дахі і столі. У рэальнасці, прыгажосць з’яўляецца вялікай патрэбай чалавека; з’яўляецца каранямі, ад якіх узрастае ствол нашага супакою і плёны нашай надзеі. Прыгажосць з’яўляецца таксама выяўленнем Бога, таму, што Ён, чысты і бескарысны, запрашае да свабоды і дапамагае адмовіцца ад эгаізма.

Мы прысвяцілі гэтае святое месца Богу, які аб’явіўся і падараваў нам сябе ў Хрысце для таго, каб быць бясконца з людзьмі. Слова аб’яўленнае, чалавечнасць Хрыста і яго Касцёл, гэта тры найбольшыя выражэнні Яго аб’яўлення і Яго дара людзям. “Няхай кожны будзе ўважлівы да таго, як будуе. Ніхто не можа рабіць фундамент, іншы ад таго, які ўжо пакладзены, Езуса Хрысца” (1 Кар 3, 10-11), кажа св. Павел у другім чытанні. Пан Езус гэта камень, які трымае цяжар свету, які падтрымлівае еднасць Касцёла і збірае ў апошняе адзінства ўсе здабыткі чалавецтва. У ім маем Слова, і Прысутнасць Бога, і ад Яго Касцёл атрымлівае уласнае жыццё, сваё навучанне і сваю місію. Касцёл не павінен абмяжоўвацца самім сабой, але пакліканы быць знакам і інструментам Хрыста, у чыстай паслухмянасці Яго ўладзе і ў поўным служэнні свайму пакліканню. Адзіны Хрыстус робіць адзіным Касцёл; Ён – гэта камень, на якім заснавана наша вера. Грунтуючыся на гэтай веры, спрабуем разам паказаць гэтаму свету аблічча Хрыста, якое з’яўляецца любоўю і адзіным, хто можа адказаць на тугу па паўнаце чалавека. Гэта вялікае заданне, паказаць усім, што Бог, гэта Бог супакою але не гвалту, свабоды, але не абмежаванняў, згоды але не разладу. І таму, я веру што пасвячэнне гэтага касцёла святой Сям’і, у эпоху калі чалавек прэтэндуе будаваць сваё жыццё на плячах Бога, як не сказаць інакш, гэта падзея вялікага значэння. Гаўдзі са сваім творам паказвае нам, што Бог, гэта мера чалавека, сакрэт спраўднага існавання, як ён казаў, вяртанне да каранёў таго, кім з’яўляецца Бог. Ён, адкрыўшыся на Божы дух, стаў здольным стварыць у гэтым горадзе месца прыгажосці, веры і надзеі, якая вядзе чалавека на спатканне з тым, хто з’яўляецца праўдай і прыгажосцю. Так архітэктар выразіў свае перажыванні: “Касцёл – гэта адзіная рэч годная прадстаўляць пачуцці народа, таму што рэлігія гэта рэч найбольш высакародная ў чалавеку”.

Гэтае абвяшчэнне Бога нясе з сабою найвышэйшае абвяшчэнне і паўнату годнасці кожнага чалавека і ўсіх людзей: “Не ведаеце што вы храм Бога? Святы храм Бога, якім з’яўляецеся вы” (1 Кар 3, 16-17). Вось тут злучаныя праўда і годнасць Бога з праўдай і годнасцю чалавека. У асвячэнні алтароў гэтага Касцёла, усведамляючы што Хрыстос гэта яго фундамент, мы прадстаўляем свету Бога, які з’яўляецца сябрам людзей, і запрашаем людзей быць сябрамі Бога. Як сцвярджае эпізод з Закхеям, аб якім кажа сённяшняе Евангелле (пар. Лк 19, 1-10), калі чалавек дазволіць Богу увайсці ў сваё жыццё і ў свой свет, калі дазволіць каб Хрыстус жыў у ягоным сэрцы, не пашкадуе, але адчуе радасць раздзяліць сваё жыццё, атрымліваючы яго бясконцую любоў.

Ініцыятыва пабудовы гэтага касцёла належыць Асацыяцыі сяброў св. Юзафа, якая жадала прысвяціць яе св. Сям’і з Назарэту. Ад самага пачатку, полымя якое пагодзіць ад Езуса, Марыі і Юзафа лічылася школай любові, малітвы і працы. Фундатары гэтага касцёла жадалі паказаць свету любоў, працу і служэнне, на якія Бог глядзіць так, як бачыць іх св. Сям’я з Назарэту. Умовы жыцця цалкам змяніліся і распаўсюдзіліся на сферу тэхнікі, сферы грамадскія і культурныя. Мы не можам задаволіцца гэтым прагрэсам. З ім павінен ісці і маральны прагрэс, такі як увага, як дапамога сям’і, таму што шчырая, непарыўная любоў мужчыны і жанчыны гэта дзейсная выява і фундамент чалавечага жыцця у сваёй цяжарнасці, нараджэнні, ва ўзрастанні і сваім натуральным канцы. Толькі тут існуюць любоў і вера, нараджаецца і жыве сапраўдная свабода. Таму, Касцёл заклікае да адпаведных эканамічных і сацыяльных мераў, для таго, каб жанчына магла знайсці сваю поўную рэалізацыю ў доме і на працы, для таго каб жанчына і мужчына якія яднаюцца ў шлюбе і ствараюць сям’ю былі падтрыманыя з боку дзяржавы, для таго, каб абаранялася, як святое, жыццё дзяцей ад моманту іх зачацця, для таго, каб надраджэнне было аплочана, ацэнена і падтрымана у плане юрыдычным, сацыяльным і заканадаўчым. Для гэтага Касцёл супрацьстаіць усім формам пагрозы для чалавечага жыцця і намагаецца распаўсюджваць натуральны парадак і сферы такога інстытуту як сям’я.

Сузіраючы з захапленнем гэтае святое месца неабдымнай прыгажосці, з вялікай гісторыяй веры, прашу Бога які на гэтай каталонскай зямлі памножыў і паяднаў новых сведкаў святасці, якія ахвяруюць свету вялікае служэнне, якое Касцёл можа і павінен пазычыць чалавецтву: быць іконай Боскай прыгажосці, полымем любові, каналам, праз які свет верыць у таго, каго паслаў Бог (пар Ян 6,29).
Дарагія сябры, у асвячэнні гэтага цудоўнага касцёла таксама малю Пана нашых жыццяў, які з гэтага алтара, які зараз будзе намашчаны святым алеем і на якім адбудзецца ахвяраванне любові Хрыста, выл’юцца шматлікія ласкі і любоў на гэты горад Барсэлону, на яго жыхароў, і на ўвесь свет. Каб гэтыя плённыя воды запоўнілі верай і жыццяздольнасцю гэты архідыяцэзіяльны Касцёл разам з яго пастырамі і вернікамі.

Жадаю, нарэшце, даверыць ласкаваму заступніцтву Маці Божай, Найсвяцейшай Марыі, “Ружы красавіцкай”, “Маці ўзнагароды”, усіх вас тут прысутных і ўсіх, хто са словамі і справамі, з маўчаннем і малітвай, зрабілі магчымым гэты архітэктурны цуд. Каб яна прадставіла свайму Боскаму Сыну радасці і цярпенні тых, якія прыбудуць у гэтае святое месца ў будучыні, таму што, як молімся ў літургіі асвячэння касцёлаў, бедныя могуць знайсці міласэрнасць, прыгнечаныя – сапраўдную свабоду, а ўсе людзі пераапрануцца ў годнасць сыноў Божых. Амэн.”

Касцёл Святой Сям'і (Sagrada Familia) будуецца ўжо на працягу 128 гадоў і з'яўляецца адным з самых выдатных храмаў у свеце. Паводле планаў ён павінен быў мець неагатычныя формы і нагадваць крыж. У 1882 годзе пачалося будаўніцтва, якое адбывалася першапачаткова пад кіраўніцтвам архітэктара Франсіска дэ Паула дэль Вільяра. Але, у 1883 г. кіраванне ўзяў на сябе Антоніа Гаўдзі. Ён адмовіўся ад папярэдніх планаў і пачаў будаваць у адпаведнасці са сваім ўласным бачаннем. Будаўніцтва прыняло амаль футурыстычныя формы. Нажаль, Гаўдзі трагічна загінуў у 1926 годзе пад коламі трамвая.

Храм павінен быў стаць актам веры “Пропаведздзю ў камені”. Пры жыцці Гаўдзі ўзвёў ўсходні фасад Божага Нараджэння з трыма брамамі, якія атрымалі назвы: Вера, Надзея і Любоў.

Смерць архітэктара і грамадзянская вайна спынілі будаўніцтва касцёла. Былі знішчаны планы і праекты Гаўдзі. У 50-х гадах дваццатага стагоддзя, было вырашана аднавіць будаўніцтва базылікі. У 1987 годзе пачалася праца па ўзвядзенні заходняга фасада Мукі Хрыста. Чакае ажыццяўлення 180-метровая вежа на скрыжаванні нефаў, якая павінна выражаць славу Езуса.

У 1992 годзе пачаўся беатыфікацыйны працэс Гаўдзі. Сабрана шмат сведчанняў адданасці і пабожнасці архітэктара. Вялікая колькасць пілігрымаў наведвае яго магілу.







All the contents on this site are copyrighted ©.