Бэнэдыкт XVI: Іспанія і Еўропа – будуйце сваю будучыню на праўдзе, свабодзе і справядлівасці
(поўны тэкст)
Папа Бэнэдыкт XVI
прыбыў сёння у Санц'яга-дэ-Кампастэла і, такім чынам, пачаў сваё двухдзённае апостальскае
падарожжа ў Іспанію. Папскі самалёт прызямліўся ў міжнародным аэрапорце “Лаваколла”
каля 11.18 мясцовага часу.
Сярод вітаючых Папу ў аэрапорце быў іспанскі наступнік
трону, прынц Астурыйскі Філіп разам з жонкай Летыцыяй, а таксама арцыбіскуп Санц’яга
Хуліо Баро Баро, прадстаўнікі Іспанскіх Біскупскай Канферэнцыі, прадстаўнікі дзяржаўных
і мясцовых органаў улады на чале з Прэзідэнтам правінцыі Галісія.
Падчас прывітальнай
цырымоніі ў аэрапорце Папа выступіў са сваёй прамовай:
«Вашы Каралеўскія Вялікасці,
Паважаныя прадстаўнікі Нацыянальныя, Рэгіянальныя і Мясцовых ўладаў, Эксцэленцыя
Арцыбіскуп Санц'яга-дэ-Кампастэла, Эмінэнцыя Кардынал Прэзідэнт Біскупскай Канферэнцыі
Іспаніі, Эмінэнцыі Кардыналы і Браты ў Біскупстве, Дарагія Браты і Сёстры,
Усе Дарагія Сябры!
Дзякую Вашай Вялікасці за словы павагі, якія вы звярнулі
да мяне ад імя ўсіх. Словы, якія з’яўляюцца кранаючым рэхам глыбокіх пачуццяў любові
сыноў і дачок гэтых высакародных земляў да Наступніка Пятра.
Сардэчна вітаю
прысутных і ўсіх, хто далучыўся да нас з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі і выказваю
ўсім падзяку, асабліва тым, хто шчодра працуе на розных узроўнях, касцёльных і грамадскіх,
каб маё кароткае, але інтэнсіўнае падарожжа да Санц'яга-дэ-Кампастэла і Барселоны
было плённым.
У глыбіні сэрца чалавек заўсёды адчувае сябе ў дарозе, у пошуку
праўды. Касцёл ўдзельнічае ў гэтым глыбокім чалавечым жаданні і суправаджае чалавецтва
ў памкненні да поўні свайго быцця. У той жа час, Касцёл мае ўласны шлях, які пралягае
праз веру, надзею і любоў, каб зрабіць Хрыста бачным ўсяму свету. Яго місія і шлях:
усё больш быць прысутнасцю Хрыста спасярод мужчын і жанчын: “Які стаў для нас мудрасьцю
ад Бога, і справядлівасцю, і асвячэньнем, і адкупленьнем” (1 Кар 1, 30). Таму і я,
вырушыў ў дарогу, каб “пацвердзіць маіх братоў і сёсцёр у веры” «(Лк 22:32).
Я
іду як пілігрым ў гэты Святы Кампастэліянскі Год і нясу ў маім сэрцы тую ж любоў Хрыста,
якая падштурхнула апостала Паўла ісці ў падарожжы, дзякуючы якім ён ажыццявіў сваё
жаданне i пабываў у Іспаніі. (пар. Рым. 15, 22-29).
Вось і я такім
жа чынам далучаюся да вялікай колькасці мужчын і жанчын, якія на працягу стагоддзяў
прыбывалі да Кампастэлы з усіх куткоў гэтага паўвострава, з усёй Еўропы і нават усяго
свету, каб стаць на калені ля падножжа святога Якуба і даць яму перамяніць іх сэрцы
праз сведчанне веры. Яны, крочачы па слядах надзеі, пракладалі шляхі культуры, малітвы,
міласэрнасці і навяртання. Гэтыя шляхі сталі бачнымі ў касцёлах і шпіталях, у кляштарах,
палацах і мастах. Такім чынам, Іспанія і ўся Еўропа атрымалі сваё непаўторнае духоўнае
аблічча, пазначанае пячаткай Евангелля.
Менавіта ў якасці вестуна і сведкі
Евангельля я прыбуду таксама і ў Барселону, каб падмацаваць веру яе народа, гасціннага
і дынамічнага. Вера, засеяная тут яшчэ на золку хрысціянства, заквітнела і ўзрасла
ў палаючым цяпле незлічонага мноства прыкладаў святасці, што выявілася ў шматлікіх
актах дабрачыннасці, культуры і адукацыі.
Вера натхніла і таленавітага архітэктара
Антоніо Гаўдзі, які запаліў творчасцю і радасцю супрацоўніцтва ўсіх тых, хто здзейсніў
такі цуд, якім з'яўляецца Касцёл Святой Сям'і. Маю шчасце асвяціць гэты храм, які
адлюстроўвае веліч чалавечага духу, адкрытага на Бога.
Я вельмі рады быць зноў
у Іспаніі, якая дала свету сузор'е такіх вялікіх святых, асновапаложнікаў і паэтаў,
як Ігнацый Лоёла, Тэрэза ад Есуса, Ян ад Крыжа, Францішак Ксаверый і многіх іншых; Іспанія
у дваццатым стагоддзі нарадзіла новыя інстыты, групы і супольнасці хрысціянскага і
апостальскага жыцця, а ў апошнія дзесяцігоддзі жыве ў гармоніі і адзінстве, ва ўмовах
свабоды і міра, гледзячы ў будучыню з надзеяй і адказнасцю.
На аснове сваёй
багатай спадчыны, чалавечых і духоўных каштоўнасцяў, яна імкнецца таксама да прагрэсу
і, нягледзячы на цяжкасці, прапануе сваю салідарнасць міжнароднай супольнасці.
Гэты
ўклад і ініцыятывы вашай доўгай гісторыі, таксама і сёння, разам з двума прыгожымі
месцамі, якія я маю магчымасць наведаць, запрашаюць мяне звярнуцца ў думках да ўсіх
народаў Іспаніі і Еўропы. Як і Слуга Божы Ян Павел II, які з Кампастэлы зрабіў заклік
да Старога Кантынента, каб даць новы імпульс росту іх хрысціянскіх каранёў, я таксама
хацеў бы заахвоціць Іспанію і Еўропу, каб будавала сучаснасць і праектавала сваю будучыню
на аснове аўтэнтычнай праўды аб чалавеку, у свабодзе, якая паважае гэтую праўду і
ніколі не шкодзіць ёй, у атмасферы справядлівасці для ўсіх, пачынаючы з самых бедных
і самых безабаронных.
Іспанія і Еўропа! Не займайцеся толькі матэрыяльнымі
запатрабаваннямі людзей, але і іх маральнымі і сацыяльнымі, духоўнымі і рэлігійнымі
патрэбамі, якія таксама з'яўляюцца абсалютна неабходнымі для нашай агульнай чалавечнасці,
і толькі такім чынам можна эфектыўна, цэласна і плённа спрыяць дабру чалавека.
Дарагія
сябры, я зноў дзякую за ваш сардэчны прыём і за вашу прысутнасць у гэтым аэрапорце.
Хачу зноў выказаць любоў і блізкасць любым сынам і дочкам Галісіі, Каталоніі і іншых
народаў Іспаніі. Даручаючы маё знаходжанне ў вас заступніцтву святога апостала Якуба,
прашу Бога даць вам Яго благаслаўленне!»
Пасля цырымоніі прывітання адбылася
прыватная сустрэча Бэнэдыкта XVI з іспанскім наступнікам трону.