2010-11-04 18:10:52

Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні Папскай рады “Iustitia et Pax”


RealAudioMP3 Пленарная асамблея Папскай рады «Iustitia et Pax» прысвечана Кампендыю сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла і апошняй энцыкліцы папы Бэнэдыкта XVI «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе»), — паведаміў беларускай секцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прымае ўдзел у дадзеным пасяджэнні, што распачалося 4 лістапада 2010 г. На асамблею прыехала каля 50 прадстаўнікоў з усіх кантынентаў. Працамі пасяджэння кіруе старшыня ватыканскага ведамства афрыканскі кардынал Пэтэр Тарксан.

Кардынал Тарксан, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, перадаў просьбу Святога Айца: працягваючы развіваць сацыяльнае навучанне Касцёла, аддзяляць пастрыскую дзейнасць Касцёла ад палітычнай дзейнасці.

Кампендый сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла ўжо перакладзены на 30 моў. На жаль, як адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у іх ліку не аказаўся Кампендый на беларускай мове, які ўжо перакладзены і зацверджаны Ватыканам, але з прычыны адсутнасці сродкаў не быў выдадзены. Цяпер, па словах беларускага іерарха, такая магчымасць з’явілася і будзем спадзявацца, што неўзабаве гэтая сапраўды неабходная кніга выйдзе ў свет.

Мітрапаліт Кандрусевіч прывёў выказванне дапаможнага біскупа Варшаўскага Пятра Ярэцкага, які адзначыў, што рознага роду канферэнцыі неабходныя, аднак трэба таксама надаваць увагу і непасрэднаму фармаванню чалавека. «Калі чалавек не зменіцца, калі не будзе адчуваць патрэбы жыць паводле навучання Касцёла, паводле маральных прынцыпаў, гэтыя канферэнцыі не прынясуць таго выніку, якія яны павінны прынесці», — перадаў арцыбіскуп Кандрусевіч думку польскага іерарха.

«Я спадзяюся, што і ў Беларусі, якая адраджаецца, чалавек хоча ведаць больш пра сацыяльнае навучанне, што гэтае пленарнае пасяджэнне выпрацуе новыя напрамкі пошуку выйсця са складаных сітуацый: і з эканамічнага крызісу, і маральнага крызісу, і крызісу сям’і. Выйсце з іх крыецца ў захаванні маральных каштоўнасцяў», — дадаў беларускі арцыпастыр.








All the contents on this site are copyrighted ©.