2010-11-04 13:28:53

Кангрэгацыя Веравучэння выдала ліст у справе “Opus Angelorum”


RealAudioMP3 Кангрэгацыі Веравучэння апублікавала адмысловы ліст у справе асацыяцыі “Opus Angelorum”. Нагадваецца, што ў 1983 годзе быў выдадзены адмысловы ліст кангрэгацыі, які загадваў членам таварыства “Opus Angelorum” ў кульце адносна Анёлаў прыстасавацца да агульнай дактрыны Касцёла, а не распаўсюджваць і выкарыстоўваць тэорыі, якія паходзілі з прыватных візій спадарыні Габрыэлы Біттэрліх. Члены асацыяцыі павінны былі прытрымлівацца ўсіх абавязваючых літургічных нормаў, асабліва тых, якія датычаць вучэння аб Эўхарыстыі. Паводле дэкрэта з 1992 года, зацверджанага Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, Кангрэгацыя Веравучэння дапоўніла гэтыя дырэктывы некаторымі іншымі нормамі, даручыўшы іх выкананне дэлегату, якога прызначыў Святы Айцец, і які быў адказным за адносіны паміж “Opus Angelorum” і ордэнам Рэгулярных Канонікаў Святога Крыжа. Гэтым дэлегатам на працягу многіх гадоў быў ксёндз Бенуа Дуру ОР, а зараз на працягу ўжо некалькіх месяцаў з’яўляецца айцец Даніэль Ольс ОР.

Сёння можна лічыць, - гаворыцца ў лісце - што “Opus Angelorum” дзейнічае легальна і мірна ў адпаведнасці з дактрынай Касцёла, з літургічнымі і кананічнымі нормамі і стварае “грамадскае аб’яднанне Касцёла”. Таксама Ордэн Рэгулярных Канонікаў Святога Крыжа і Сёстры Святога Крыжа, - якія маюць адносіны з “Opus Angelorum”- зацверджаны касцёльнымі ўладамі.

Аднак, невялікая колькасць членаў “Opus Angelorum”,- ў прыватнасці некаторыя святары, якія выйшлі або былі выключаныя з Ордэна Рэгулярных Канонікаў Святога Крыжа,- у мінулых гадах не прынялі нормаў устаноўленых Касцёлам і працягваюць імкнуцца да аднаўлення таварыства, якое практыкуе тое, што забаронена. Таму Кангрэгацыя Веравучэння ў сваім лісце заклікае дыяцэзіяльных біскупаў уважліва сачыць за гэтымі ініцыятывамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.