2010-11-02 15:11:28

«L’Osservatore Romano» аб фільме пра Пія ХІІ


У чарговым нумары штотыднёвіка Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» змешчана рэцэнзія на фільм «Пад небам Рыма» аб папу Піі ХІІ. 31 кастрычніка і 1 лістапада 2010 г. фільм быў прадстаўлены італьянскім тэлебачаннем RAI.

Па словах аўтара рэцэнзіі Эміліо Ранцато, фільм з’яўляецца хутчэй «гісторыяй самотнага Папы», чым «аповедам аб драматычных гадах сталіцы, якімі быў перыяд нямецкай акупацыі Вечнага Горада з 8 верасня 1943 г. да вызвалення ў чэрвені 1944 г.». Рэцэнзент дадае, што, «хоць ён належаў да пратаганістаў ХХ ст., у гады вайны Пій ХІІ распачаў працу радавога дзеяча гісторыі — няўдзячную, нябачную». Галоўным жа імкненнем стваральнікаў фільма, працягвае публіцыст, было паказаць, «наколькі гэтая праца была нявыгаднай і насычанай пакутамі, а адначасова каштоўнай, бо толькі пазбягаючы тэатральных жэстаў і адкрытай нянавісці да нацыстаў можна было пазбегнуць яшчэ горшых падзей».

Аналізуючы меркаванні, што ў фільме не звяртаецца ўвага на адказнасць Італіі, а асабліва італьянскіх фашыстаў, за лёс рымскіх яўрэяў, аўтар рэцэнзіі тлумачыць гэта «прыродай» тэлевізійнага фільма, пасля чаго дадае: «Годны здзіўлення і незвычайны той факт, што тэлесерыял узяў на сябе цяжар не толькі аповеду, але таксама вытлумачэння і паказу шырокаму колу гледачоў такіх важных падзей».







All the contents on this site are copyrighted ©.