2010-11-01 10:37:09

Кс. Віктар Місевіч пра ўрачыстасць Усіх Святых


1 лістапада Касцёл святкуе ўрачыстасць Усіх Святых. Мы ўспамінаем у гэты дзень не толькі святых, якіх ведаем па імені, але і тых, каторыя нам невядомыя.

Адзін біскуп у сваёй прамове сказаў: “Быць святым – не значыць абавязкова быць героем”. Сапраўды, святасць дасягаецца не толькі праз геройскі ўчынак кшталту мучаніцтва ці суровай аскезы. Самая папулярная дарога да неба для кожнага чалавека – гэта сумленнае жыццё ў ласцы Божай. Таму, святары ў казаннях так часта падкрэсліваюць, што святым можа быць рабочы, селянін, навуковец ці бізнесмэн. Сацыяльны статус і адукацыя не граюць тут аніякай ролі, бо як кажа Святое Пісанне, “Бог […] не спазірае на аблічча” (Паўт 10,17). Для яго важнае сэрца чалавека і стан гэтага сэрца.

Касцёл заклікае нас быць святымі, таму што Бог святы. Яшчэ Айцы Касцёла падкрэслівалі ідэю абагаўлення чалавека. Да прыкладу, св. Кірыл Александрыйскі сказаў: “Бог уцелавіўся, каб чалавек абагавіўся”. Езус прыйшоў у гэты свет, каб даць прыклад еднасці з Богам. А хто такі Бог?

Ізраільцяне, маючы забарону не ўжываць адкрыта Святое Імя Бога Ягвэ, выкарыстоўвалі імя Кадош, якое абазначае “Святы”. Яно абазначае яшчэ “Іншы”. Бог пераўзыходзіць створаны Ім свет, Ён не тоесны свайму стварэнню. Ён іншы і большы. Ён дасканалы. Але ў гэтай сваёй дасканаласці Ён не адварочваецца ад чалавека не аддаляецца ад яго, але прапаноўвае яму сваю апеку і дапамогу ў Провідзе. Бог хоча падзяліцца з намі сваёй “іншасцю”, у якой ёсць і святасць, і дабрыня, і міласэрнасць, і дасканаласць.

Канешне, чалавек – ён на тое і чалавек, што абмежаваны. Як бы не хацеў – не зможа змясціць у сабе ўсяго Бога. Але гэта і не трэба. Дастаткова напоўніць посуд даверху, каб сказаць, што ён ужо поўны. І нічога страшнага, калі мора невычэрпнае – яго хопіць на мільярды такіх посудаў. Бог хоча напоўніць нас сабой. Напоўніць даверху, каб не засталося месца на зло, эгаізм і нянавісць.

Яшчэ немалаважны фактар па гэтай тэме. Святасць – з’ява не статычная. Яна мае дынамічны характар. Гэта працэс. Прынамсі ў выпадку чалавека. Мы можам заглыбляцца ў Боскае мора, плывучы з асалодай па ім, а можам ляжаць на паверхні, змучаныя штылем, аслабленыя ўласнай абыякавасцю. Часта ў літаратуры сустракаюцца апісанні адмоўных персанажаў, у якіх паводле характарыстыкі аўтара, пустыя, мёртвыя вочы. А кажуць, вочы – люстэрка душы… Таму так важна, паклапаціўшыся пра хрост свайго дзіцяці, даць яму рэлігійнае выхаванне. Так важна, упершыню прыступіўшы да споведзі, не зрабіць гэты ўрачысты момант апошнім. Так важна, штосьці паабяцаўшы ў сакрамэнтальнай форме Богу ці чалавеку, выканаць гэта да канца.

Аднойчы ў семінарыі паміж намі студэнтамі адбылася дыскусія. Што лягчэй: памерці мучанікам ці жыць праведнікам? Погляды былі розныя. Але праўдай ёсць тое, што жыццё праведніка няпростае, як і згода на муку ў імя Хрыста. Ды, зрэшты, Хрыстус нас папярэджваў. Няма лёгкай і простай дарогі да неба.

Стрывожаныя жыццёвымі паразамі, уласнай слабасцю, мы, быць можа, следам за апосталамі захочам з горыччу ўсклікнуць перад Богам: “Дык хто зможа ўратавацца?”(Мц 19,25) Ён ужо даў аднойчы адказ на такое пытанне: “Калі ў чалавека гэта немагчыма, то ў Бога ўсё магчыма” (Мц 19,26). Адзінае, што ад нас патрабуецца – гэта бязмежная шчырасць перад Валадаром Нябёсаў і сыноўняя адданасць. Ён жа сам сказаў: “Кожны, хто пакіне ўсё дзеля Мяне, атрымае ў спадчыну жыццё вечнае” (Пар. Мц 19,29).







All the contents on this site are copyrighted ©.