2010-11-01 13:55:48

Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі”: вечнасць не з’яўляецца “безперапыннай паслядоўнасцю каляндарных дзён”


RealAudioMP3 Сёння ва ўрачыстасць Усіх Святых па традыцыі Папа правёў малітву “Анёл Панскі” на Плошчы св. Пятра ў Рыме. Перад ёй Пантыфік звярнуўся з акна Апостальскага Палаца да сабраных пілігрымаў і жыхароў Рыма.

Дарагія браты і сёстры!

Урачыстасць Усіх Святых, якую адзначаем сёння, запрашае нас узняць свой позірк на Неба і паразважаць аб паўнаце Боскага жыцця якое нас чакае. “Мы дзеці Божыя, але тое, кім мы будзем яшчэ не выяўлена” (1 Ян 3,2): гэтымі словамі апостал Ян запэўнівае і гарантуе нам рэальнасць нашай глыбокай сувязі з Богам, а таксама пэўнасць нашай будучыні. Як дзеці, якіх любяць, атрымліваем таксама ласку для таго, каб пераносіць выпрабаванні нашага зямнога існавання – голад і прагу справядлівасці, непаразуменні, пераследы (цыт. Мт 5, 3-11) – і ў той жа час, наследуем тое, што нам было паабяцана ў евангельскіх бласлаўленнях “з якіх ззяе новая выява свету і чалавека, якога адкрывае Езус” (Бэнэдыкт XVI, Езус з Назарэту, Мілан 2007, 95). Святасць, заданне паказаць Езуса ў саміх сябе, гэта жыццёвая мэта кожнага хрысціяніна. Бласлаўлёны Антоніо Разміні піша: “Слова выразіла сябе ў свядомасці сваіх вучняў у эмацыянальным аспекце... і сваімі словамі... дала сваім гэтую ласку... з якой душа успрымае Слова непасрэдна” (Звышнатуральная антрапалогія, Рым 1983, 265-266). І мы каштуем дар і прыгажосць святасці кожны раз, калі ўдзельнічаем у Эўхарыстычнай літургіі, у супольнасці з “вялікім мноствам” благаслаўлёных душаў, якія ў Небе вечна абвяшчаюць збаўленне Бога і Ягняці (пар. Дз 7, 9-10). “У жыцці святых важнай з’яўляецца не толькі іх зямная біяграфія, але таксама іх жыццё і дзейнасць у Богу пасля смерці. У святых становіцца відавочна: хто ідзе за Богам не аддаляецца ад людзей, але становіцца да іх па-сапраўднаму блізка” (Энц. Deus caritas est, 42).

Суцешаныя гэтай супольнасцю вялікай сям’і святых, заўтра будзем узгадваць усіх памерлых вернікаў. Літургія 2 лістапада і пабожная практыка наведвання могілак нагадваюць, што хрысціянская смерць з’яўляецца часткай шляху да ўпадабнення Богу і яна знікне калі Бог стане ўсім ва ўсім. Пераход ад зямнога існавання, канешне з’яўляецца балючым, але мы не павінны баяцца, таму што ён суправаджаецца малітвай і падтрымкай Касцёла, і не можа парушыць глыбокую сувязь, якая яднае нас з Хрыстом. Таму, св. Грыгорый з Нісы кажа: “Хто ў мудрасці стварыў усе рэчы, даў гэты балючы стан як інструмент вызвалення ад зла і магчымасць удзельнічаць у чаканых дабротах” (De mortuis oratio, IX, 1, Leiden 1967, 68)

Дарагія сябры, вечнасць не з’яўляецца “безперапыннай паслядоўнасцю каляндарных дзён, але нечым накшталт моманту поўнай задаволеннасці, у якім паўня ахоплівае нас і мы ахопліваем поўню існавання, праўды, любові (Энц. Spe salvi, 12).Давяраем нашае падарожжа да нябеснай айчыны Панне Марыі, якая накіроўвае нас да святасці, і просім у яе матчынага заступніцтва ў вечным адпачынку ўсім нашым братам і сёстрам, якія паснулі ў надзеі на ўваскрашэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.