2010-10-28 18:13:23

Бэнэдыкт XVI: неабходна сувязь навуковых дасягненняў з паняццямі братэрства і міру


RealAudioMP3 «Пазітыўны вынік навукі дваццаць першага стагоддзя ў значнай меры залежыць ад здольнасці вучоных да пошуку праўды і выкарыстання адкрыццяў такім чынам, які адпавядае пошуку таго, што справядлівае і добрае», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI 28 кастрычніка 2010 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай Акадэміі навук. Пасяджэнне прысвечана тэме «Навуковае пасланне ХХ стагоддзя».
Кажучы аб гісторыі навукі ХХ ст., Папа заўважыў, што часта навука разумеецца як панацэя, якая нібыта можа даць адказ на ўсе пытанні чалавечага існавання. З іншага боку, ёсць шмат людзей, якія выступаюць супраць навукі, бачачы змрочныя прыклады вынікаў яе развіцця, напрыклад ужыванне ядзернай зброі. Па словах Пантыфіка, навуку нельга акрэсліць ніводным з гэтых крайніх поглядаў. Яе задачай з’яўляецца цярплівы і старанны пошук праўды аб сусвеце, прыродзе і чалавеку. Нават папярэднія вынікі становяцца «рэальным укладам у адкрыццё сувязі паміж інтэлектуальнай і натуральнай рэчаіснасцямі, на якім пасля могуць будаваць сваё жыццё наступныя пакаленні».

Святы Айцец падкрэсліў, што сёння вучоныя значна больш, чым раней, адзначаюць важнасць сувязі з філасофіяй у пошуку лагічных і эпістымалагічных падставаў сваёй метадалогіі. Касцёл жа перакананы ў тым, што навуковая дзейнасць атрымлівае карысць ад вывучэння духоўнага вымярэння чалавека. Па словах Папы, навука становіцца месцам дыялогу, сустрэчы чалавека з прыродай, а часам нават чалавека з яго Стваральнікам.

Кажучы аб перспектывах развіцця навукі ў ХХІ ст., Святы Айцец указаў на неабходнасць сувязі навуковых дасягненняў з паняццямі братэрства і міру, вырашэннем вялікіх праблемаў чалавецтва і скіраваннем чалавечых імкненняў да сапраўднага дабра і інтэгральнага развіцця народаў.

Папская Акадэмія навук была заснавана 17 жніўня 1603 г. Яе сённяшнюю назву Акадэміі даў папа Пій ХІ у 1936 г. Членамі Акадэміі з’яўляюцца каля 80 буйных вучоных розных дысцыплін з усяго свету, незалежна ад іх веравызнання.

catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.