2010-10-27 13:46:37

Ватыкан супраць смяротнага пакарання для Тарыка Азіза


RealAudioMP3 Ватыкан выступае за адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце і таму спадзяецца, што смяротны прысуд, вынесены ў Іраку былому віцэ-прэм'еру і кіраўніку іракскай дыпламатыі Тарыку Азізу не будзе выкананы.

Пазіцыя Каталіцкага Касцёла наконт смяротнага пакарання добра вядомая. “Таму мы сапраўды хацелі б, каб прысуд, вынесены Тарыку Азізу, не быў выкананы ", - гаворыцца ў апублікаванай заяве прадстаўніка Ватыкана айца Фэдэрыко Ламбардзі.

Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы падкрэслівае, што адмена смяротнага прысуду “станоўча адаб’ецца на працэсе прымірэння, аднаўлення супакою і справядлівасці ў Іраку пасля мноства перанесеных ім пакут.

Што тычыцца магчымасці гуманітарнага ўмяшання,Святы Пасад звычайна дзейнічае ў падобных выпадках праз дыпламатычныя каналы, якія мае ў сваім распараджэнні”-, заявіў айцец Ламбардзі.

Каб смяротны прысуд мог уступіць у сілу, ён павінен быць зацверджаны Прэзідэнцкім Саветам Ірака.

Раней Тарыка Азіза, які займаў пасаду міністра замежных спраў Ірака, асудзілі на 22 гадоў пазбаўлення волі за дачыненне да злачынстваў рэжыму Хусэйна.







All the contents on this site are copyrighted ©.