2010-10-26 16:34:28

Пасланне Папы на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Сёння было апублікавана папскае пасланне на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, тэма якога: «Адзіная чалавечая сям’я». Ужо 97 Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў будзе адзначацца 16 студзеня 2011 года. У сваім пасланні Святы Айцец піша:

Дарагія браты і сёстры!

Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў для ўсяго Касцёла з’яўляецца нагодай для роздуму на тэму з’явы росту міграцыі, нагодай для малітвы аб тым, каб сэрцы адкрываліся на хрысціянскую гасціннасць і да дзейнасці ў кірунку пашырэння ў свеце справядлівасці і любові, якія закладзены ў аснову сапраўднага і трывалага міру. «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34), — гэта заклік, які Пан з моцаю скіроўвае да нас і пастаянна паўтарае: Айцец заклікае нас быць умілаванымі дзецьмі ў Яго выбраным Сыне, Ён запрашае нас прызнаць, што ўсе мы браты ў Хрысце.

Гэта глыбокая сувязь, якая злучае ўсіх людзей, натхніла да роздуму на тэму, якую я выбраў у гэтым годзе: «Адзіная чалавечая сям’я» — адзіная сям’я братоў і сясцёр у грамадствах, якія становяцца ўсё больш шматнацыянальнымі і шматкультурнымі. У іх людзі, якія вызнаюць розныя рэлігіі, імкнуцца да дыялога, каб мыгчымым было мірнае і плённае суіснаванне, поўнае пашаны да таго, што адрознівае. Другі Ватыканскі Сабор заяўляе, што «ўсе людзі ствараюць адну супольнасць, маюць супольны пачатак, таму што Бог зрабіў так, каб род чалавечы пасяліўся на ўсёй паверхні зямлі» (пар. Дз 17, 26), а «канчатковай мэтай яго жыцця быў Бог, Яго Провід, сведчанне дабрыні і збаўчыя планы, якія пашыраюцца на ўсіх людзей» (дэкларацыя «Nostra aetate»). Такім чынам, «мы жывём побач невыпадкова. Мы ўсе ідзём адной і той жа дарогай як людзі, а значыць, як браты і сёстры» (Пасланне на Сусветны дзень міру, 2008, п. 6)

Гэта адзін шлях, шлях жыцця, але сітуацыі, з якімі мы сустракаемся на ім, бываюць розныя. Многія людзі часта вымушаны рашацца на цяжкі вопыт міграцыі ў яе розных формах: міграцыя ўнутраная ці міжнародная, пастаянная ці часовая, па эканамічных прычынах ці палітычных, добраахвотная ці прымусовая. У многіх выпадках іх вымушаюць пакінуць сваю краіну розныя пераследы, у выніку чаго ўцёк становіцца неабходным. З’ява глабалізацыі, характэрная для нашага часу, з’яўляецца не толькі сацыяльна-эканамічным працэсам, але ахоплівае таксама «чалавецтва, якое становіцца ўсё больш ўзаемазвязаным» праз пераадольванне геаграфічных і культурных межаў. Такім чынам, Касцёл не перастае нагадваць нам, што глыбокі сэнс гэтага працэсу і яго асноўныя этычныя крытэрыі заснаваны на адзінстве чалавечай сям’і і яе развіцці ў напрамку дабра (Бэнэдыкт ХVI «Caritas in veritate», 42). Кожны чалавек, такім чынам, належыць да адзінай сям’і, — як мігранты, так і мясцовыя супольнасці, якія прыймаюць іх, — і ўсе маюць аднолькавае права на карыстанне каштоўнасцямі зямлі, прызначэнне якіх паўсюднае, як кажа сацыяльнае вучэнне Касцёла. Салідарнасць і дзяленне з бліжнім грунтуюцца менавіта на гэтым.

«У грамадстве, якое знаходзіцца на шляху глабалізацыі, агульнае дабро i дзеянне на яго карысць павінны мець агульначалавечы характар, гэта значыць, датычыць супольнасці плямёнаў i народаў5, каб надаць кшталт еднасці i спакою гораду чалавека, робячы яго ў пэўнай ступені прадвесцем Божага горада без межаў» (Бэнэдыкт ХVI «Caritas in veritate», 7). З гэтага пункту гледжання неабходна глядзець на рэчаіснасць эміграцыі. Як ужо сказаў Слуга Божы Павел VI «паслабленне братэрскіх сувязей, як паміж людзьмі, так і паміж народамі з’яўляецца глыбокай прычынай адсталасці» (Populorum progressio, 66). Мы можам дадаць: і моцна ўплывае на з’яву эміграцыі. Братэрства людзей гэта з’ява, часам здзіўляючая, аб’ядноваючага саюзу, трывалай сувязі з асобай, не такой, як я, заснаваная на тым простым факце, што мы — чалавечыя істоты. Прызнанае і адказна перажыванае братэрства спрыяе жыццю ў еднасці і дзяленню з усімі, у прыватнасці, з эмігрантамі, з’яўляецца асновай ахвяравання сябе іншым дзеля іх дабра, дабра ўсіх — у мясцовай, нацыянальнай і сусветнай палітычнай супольнасці.

Годны пашаны Ян Павел ІІ у 2001 годзе з нагоды Сусветнага дня мігрантаў і бежанцаў напісаў, што «паўсюднае супольнае дабро ахоплівае ўсю сям’ю народаў, перасякаючы межы эгаістычных нацыяналізмаў. У гэтым кантэксце трэба абмяркоўваць права эміграцыі. Касцёл прызнае, што кожны чалавек мае права ў падвойным аспекце: мае магчымасць пакінуць уласную краіну і прыбыць да іншай у пошуках лепшых умоваў жыцця» (Ян Павел ІІ, Пасланне на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, 2001, 3. Пар. энцыкліка Яна ХХІІІ «Мater et Magistra, 30. Папа Павел VI «Octogesima adveniens», 7). У той жа час дзяржавы маюць права рэгуляваць наплыў мігрантаў і бараніць свае межы, заўсёды забяспечваючы кожнаму чалавеку належную яго годнасці пашану. Акрамя таго, абавязкам эмігрантаў з’яўляецца інтэграцыя ў краіне, якая іх прымае, павага да яе правоў і нацыянальнай ідэнтычнасці. «У сувязі з гэтым трэба спалучыць стаўленне гасціннасці, якую трэба праяўляць да ўсіх людзей, асабліва да ўбогіх, з уласцівай ацэнкай неабходных умоў, якія трэба забяспечыць як карэнным жыхарам краіны, так і прыхадням, каб маглі жыць годна і ў супакоі» (Ян Павел ІІ, Пасланне на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, 2001, 13).

Прысутнасць Касцёла як Божага народу, які пілігрымуе ў гісторыі сярод іншых народаў з’яўляецца ў гэтым кантэксце крыніцай даверу і надзеі. Касцёл з’яўляецца ў «Хрысце сакрамэнтам, а значыць знакам і прыладаю ўнутранага яднання з Богам і адзінства ўсяго чалавецтва» і, дзякуючы дзеянню ў ім Духа Святога, «спроба стварыць паўсюднае братэрства не дарэмная» (Gaudium et spes, 38). Перш за ўсё Эўхарыстыя стварае ў сэрцы Касцёла невычэрпную крыніцу еднасці ўсяго чалавецтва. Дзякуючы ёй Божы народ уключае ў сябе «кожны народ і ўсе пакаленні, народы і мовы» (пар. Aп 7, 9), не ў выглядзе святой улады, але ў найвышэйшай паслузе любові. Сапраўды, міласэрнасць, якая праяўляецца асабліва ў адносінах бедных і слабых, з’яўляецца крытэрыем сапраўднасці эўхарыстычнай цэлебрацыі (Ян Павал ІІ, Апостальскі ліст «Mane nobiscum Domine», 28).

У святле дэвізу «Адзіная чалавечая сям’я» неабходна ўзяць пад увагу сітуацыю бежанцаў і іншых прымусовых мігрантаў, якія складаюць значную частку міграцыйнай з’явы. Міжнародная супольнасць узяла канкрэтныя абавязкі адносна асоб, якія шукаюць паратунку ад гвалту і пераследаў. Павага да іх правоў, як таксама слушная турбота аб бяспецы і сацыяльнай згуртаваннасці, спрыяюць стабільнаму і поўнаму згоды суіснаванню. Акрамя таго, у выпадку прымусовых эмігрантаў ежай для салідарнасці з’яўляюцца «рэсурсы любові, якая нараджаецца з прызнання таго, што мы з’яўляемся адной чалавечай сям’ёй, а вернікі Каталіцкага Касцёла — членамі містычнага Цела Хрыста. На Сапраўды, усе мы ўзаемазалежныя, адказныя за нашых братоў і сясцёр у чалавецтве, а ў выпадку вернікаў — у веры. Як я аднойчы сказаў: «Прыманне бежанцаў і аказванне ім гасціннасці з’яўляецца абавязкам усіх, што вынікае з чалавечай салідарнасці, якая наказвае нам паклапаціцца аб тым, каб яны не адчувалі сябе ізаляванымі з прычыны неталерантнасці і абыякавасці (Генеральная аўдыенцыя 20 чэрвеня 2007 года, «L’Ossevatore Romano», n7/8 2007; «Insegnamenti II», 1/2007). Гэта азначае, што людзям, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы ці сваю зямлю, трэба дапамагчы знайсці месца, дзе яны змогуць жыць мірна і бяспечна, дзе змогуць працаваць і набыць правы і абавязкі краіны, якая дала ім гасціннасць, уносячы ўклад у супольнае дабро і не забываючы рэлігійнае вымярэнне жыцця.

Спецыяльнае разважанне, якое суправаджае таксама малітва, я хацеў бы прысвяціць замежным студэнтам і тым, хто навучаецца за межамі сваёй краіны, якія таксама ствараюць усё большую групу вялікай міграцыі. З сацыяльнага пункту гледжання яны складаюць значную групу асоб з той прычыны, што ў будучыні вярнуцца ў сваю краіну як лідэры.

Яны ўтвараюць культурныя і эканамічныя «памосты» паміж бацькаўшчынай і краінамі, якія аказваюць ім гасціннасць, і ўсё гэта накіроўваецца ў напрамку стварэння «адзінай чалавечай сям’і». Менавіта гэтае перакананне павінна ўмацоўваць уражлівасць да іх канкрэтных праблем, такіх, як абмежаваныя эканамічныя сродкі ці дыскамфорт і пачуццё адзіноты ў кантактах з самым розным сацыяльным і ўніверсітэцкім асяроддзем, а таксама цяжкасці з адаптацыяй. Адносна гэтага я хацеў бы адзначыць, што «належаць да ўніверсітэцкай супольнасці, гэта значыць аказацца на скрыжаванні культур, якія сфармавалі сучасны свет» (Ян Павел ІІ, прамова да амерыканскіх біскупаў з касцельных правінцый Чыкага, Індыянапаліс і Мілуокі з візітам ad limina, 30 мая 1998, 6; «Insegnamenti» XXI, 1, 1998). У школе і ва ўніверсітэце фарміруецца культура новых пакаленняў, здольнасць якіх успрыймаць чалавецтва як адну сям’ю, пакліканую да еднасці ў разнароднасці, шмат у чым залежыць ад гэтых устаноў.

Дарагія браты і сёстры, свет мігрантаў з’яўляецца вялікім і разнастайным. Ёсць у ім выдатны і перспектыўны вопыт, але, на жаль, таксама іншы, драматычны, які не адказвае чалавечай годнасці і грамадству, якое лічыць сябе цывілізаваным. Для Касцёла гэтая рэальнасць з’яўляецца яскравым знакам нашых часоў, якія ясна паказваюць пакліканне чалавецтва для стварэння адной сям’і, і ў той жа час дэманструюць цяжкасці, якія замест яднання, дзеляць яе і прычыняюцца да расколаў. Давайце не будзем губляць надзеі і будзем разам прасіць Бога, Айца ўсіх людзей, каб дапамог нам — кожнаму асабіста — стаць людзьмі, здольнымі да жыцця ў братэрскіх адносінах, каб у сферах сацыяльнага, палітычнага і інстытуцыйнага жыцця ўзрасталі ўзаемнае разуменне і павага паміж народамі і культурамі. З гэтай надзеяй прашу заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяляю ўсім з сэрца апостальскае благаслаўленне, у прыватнасці, мігрантам і бежанцам і ўсім, хто задзейнічаны ў гэтай важнай сферы».

Кастэль Гандольфа, 27 верасня 2010 года
Бэнэдыкт ХVI







All the contents on this site are copyrighted ©.