2010-10-21 16:42:52

Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу: драматычная сітуацыя хрысціян у турэцкай частцы Кіпра


RealAudioMP3 На драматычную сітуацыю хрысціян у частцы Кіпра, 36 гадоў таму акупаванай турэцкім войскам, звярнуў увагу 21 кастрычніка 2010 г. у межах Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу арцыбіскуп Кіпрскі Хрызастом ІІ. Пасланне арцыбіскупа зачытаў удзельнікам Сіноду архімандрыт Дэмасфеніс Дэмасфенус.

Кіраўнік Кіпрскай Праваслаўнай Царквы адзначае, што Кіпр з’яўляецца адзінай краінай Еўрасаюза, значная частка тэрыторыі якой акупавана. Амаль палову насельніцтва гэтай мясцовасці складаюць бежанцы, выгнаныя са сваіх дамоў, а 520 касцёлаў і іншых сакральных аб’ектаў знішчана, разрабавана і выкарыстоўваецца часам нават як стайні для жывёлы.

У сваім пасланні арцыбіскуп Кіпрскі заклікае аб дапамозе і падтрымцы, а таксама аб забеспячэнні свабоды, міру, справядлівасці і ўсіх правоў асобы для жыхароў акупаванай часткі вострава.

«Калі мір знаходзіцца пад пагрозай, як гэта адбываецца на Кіпры 36 гадоў з прычыны турэцкай акупацыі паўночнай часткі вострава, нашым агульным абавязкам з’яўляецца абарона гэтага міру ад усіх тых, хто намераны знішчыць яго», — гаворыцца ў пасланні.







All the contents on this site are copyrighted ©.