2010-10-21 17:58:18

Кардынал-намінант Джанфранко Равазі: “ Я ўдзячны за афіцыйнае запрашэнне ў Беларусь”. Інтэрв’ю


RealAudioMP3 Учора Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў імёны новых кардыналаў. Сярод іх таксама старшыня Папскай рады па культуры Джанфранко Равазі, які рыхтуецца да візіту ў Беларусь. Ён даў інтэрв’ю нашай праграме.

Ваша Эмінэнцыя. Мы шчыра віншуем Вас. Якое значэнне мае для Вас гэтая намінацыя?

Павінен сказаць, што маё прызначэнне з’яўляецца знакам агульнай стратэгіі Пантыфікату Бэнэдыкта ХVI — прасякваць гарызонты культуры як адну са сфер экуменічнага дыялога.

Якія перспектывы супрацоўніцтва Апостальскай Сталіцы і Беларусі ў сферы культуры?

Праграма супрацоўніцтва з Беларуссю, якая ўжо намячаецца, адлюстроўвае адносіны (цяпер вельмі блізкія) паміж Святым Пасадам і Беларуссю. «Адпраўным пунктам» у гэтай справе, безумоўна, з’яўляецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён асабіста разам з Нунцыем ў гэтай краіне будуць першымі пасрэднікамі ў гэтай справе. Яшчэ хацеў бы адзначыць, што ў Беларусі вельмі добрыя, станоўчыя адносіны паміж Касцёлам і Праваслаўнай Царквою. Мітрапаліт Кандрусевіч вельмі актыўна прымае ўдзел у разнастайных сустрэчах, арганізаваных Беларускай Праваслаўнай Царквой, кантактуе з Мітрапалітам Філарэтам.

Якое значэнне ў гэтых кантактах можа адыграць Беларуская Праваслаўная Царква і яе кіраўнік Мітрапаліт Філарэт?

Асабіста мы пакуль што не знаёмы з Мітрапалітам Філарэтам, аднак мы кантактавалі праз Нунцыятуру. Ведаю, што Уладыка даў згоду на сустрэчу са мной і выказаў задавальненне з такой магчымасці.

Наша задача — выявіць вялікія каштоўнасці праваслаўнай культуры, больш падрабязна прадставіць яе тут, у нас, узаемна абагаціцца. Магчыма, нават павысіць крэатыўнасць культуры, каб яна не была толькі спадчынай мінуўшчыны.

З іншага боку, важна таксама разам будаваць дыялог з няверуючымі ў Беларусі.

Ці вызначаны ўжо канкрэтныя кірункі супрацоўніцтва?

Плануецца стварыць серыю пастаянных культурных сувязяў. Найперш, прадставіць на Захадзе беларускую культуру праз арганізацыю канцэртаў, выставак і іншых акцый. Па-другое, наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Напрыклад, мы ўжо маем пратаколы пагадненняў адносна кантактаў з буйнымі акадэміямі і ўніверсітэтамі Беларусі ў такіх сферах, як адносіны веры і навукі, веры і мастацкай творчасці.

Па-трэцяе, магчыма, удасца арганізаваць, як у Сарбоне, «Cortile dei gentili» — дворык свецкіх (у раннім хрысціянстве пры Ерузалемскай святыні адбываліся дыскусіі з прадстаўнікамі розных рэлігій, няверуючымі, агностыкамі).

Справа ў тым, што гісторыя Беларусі звязана з праваслаўем, і ў сувязі з гэтым мае багатую рэлігійную і традыцыйную спадчыну, якая прасяквае і пэўныя сферы культуры. Калі глядзець далей, частка грамадства адносіцца да каталіцызму, а іншыя з’яўляюцца атэістамі. Узнікае пытанне: можа варта распачаць будаваць дыялог і з няверуючымі ў Беларусі?

На Вашу думку, гэтыя ініцыятывы будуць звязаны выключна з Мінскам?

Безумоўна, распачнем са сталіцы — Мінска. Аднак такімі цэнтрамі могуць стаць і іншыя гарады, як, напрыклад, Гродна, Брэст і іншыя гарады, якія маюць вялікую гістарычную спадчыну.

Хачу, аднак, падкрэсліць, што больш дакладна пра гэта можна будзе сказаць пасля майго візіту ў Беларусь. Я ўдзячны за афіцыйнае запрашэнне, якое мне ўручылі. Гэта дасць мне магчымасць пазнаёміцца з жыццём краіны. Не толькі з гісторыяй, пастырскай дзейнасцю, але наогул з сучасным жыццём: грамадскім, культурным, жыццём дзвюх рэлігійных супольнасцяў — праваслаўнай і каталіцкай, якія трываюць у добрым дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.