2010-10-20 15:41:15

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аудыенцыю святой Альжбеце з Турынгіі


RealAudioMP3 Яна адбылася на Плошчы св. Пятра. Сёння ў Рыме было вельмі прыгожае надвор’е і на сустрэчу з Папам прыбыло шмат вернікаў. У сваім слове да іх Бэнэдыкт ХVI сказаў:

Дарагія браты і сёстры,

Сёння я хачу расказаць вам аб адной жанчыне з Сярэднявечча, якая выклікала вялікае захапленне ў свеце. Гаворка ідзе пра святую Альжбету Венгерскую, якая таксама вядомая як Альжбета з Турынгіі.

Нарадзілася ў 1207 годзе. Яе бацькам быў Андрэй ІІ, багаты і магутны імператар Венгрыі, які з мэтай умацавання палітычных сувязяў ажаніўся на нямецкай графіне Гертрудзе Андэш-Меранія. Толькі чатыры гады Альжбета жыла ў венгерскім двары разам з сястрой і трыма братамі. Яна любіла гульні, музыку і танцы. Любіла чытаць малітвы і ўжо тады дэманстравала сваю асаблівую ўвагу да бедных, якім дапамагала добрым словам і ўчынкамі міласэрнасці.

Шчаслівае дзяцінства Альжбеты раптам скончылася, калі з далёкай Турынгіі прыйшлі рыцыры, каб забраць яе ў новае месца ў цэнтральнай Германіі. Паводле звычаяў таго часу, яе бацька вырашыў, каб яна стала прынцэсай Турынгіі. Манарх гэтага рэгіёна быў адным з самых багатых і ўплывовых людзей у Еўропе ХІІІ стагоддзя і яго замак быў цэнтрам багацця і культуры. Але за ўрачыстымі святкаваннямі і бачнай славай хаваліся амбіцыі князёў, якія ваявалі паміж сабой і знаходзіліся ў канфлікце з каралеўскай і імператарскай уладай. У гэтым кантэксце граф Герман з радасцю прыняў вестку аб нарачэнстве паміж сваім сынам Людвікам і венгерскай прынцэсай. Альжбета выехала са сваёй краіны з багатым пасагам і з асабістым персаналам, дзве з якіх застаюцца вернымі яе сяброўкамі да канца жыцця. Гэта яны пакінулі нам каштоўныя звесткі пра дзяцінства і жыццё святой.

Нягледзячы на тое, што заручыны, магчыма, адбыліся па палітычных матывах, паміж Альжбетай і Людвікам нараджаецца шчырая любоў, натхнёная верай і жаданнем ажыццявіць Божую волю. Ва ўзросце 18 гадоў Людвік, пасля смерці бацькі, пачынае валадарыць у Турынгіі. Альжбета стала прадметам крытыкі, таму што яе паводзіны не адпавядалі жыццю прынцэсы. У сваёй глыбокай чуллівасці Альжбета бачыла супярэчнасці паміж вызнаннем веры і хрысціянскай практыкай. Яна не цярпела кампрамісаў, старанна практыкавала справы міласэрнасці, даючы ежу і піццё тым, хто стукаў у дзверы яе двара. Купляла бедным вопратку, аплочвала іх даўгі, клапацілася пра хворых і хавала памерлых.

У сваім шлюбным жыцці была глыбока шчасліваю. Людвік, усё часцей захапляючыся вялікай верай сваёй жонкі, спасылаючыся на яе прыхільнасць да бедных, аднойчы сказаў ёй: «Дарагая Альжбета, гэта Хрыста ты умыла, накарміла і пра Яго ты клапоцішся». Гэта яскрава сведчыць аб тым, як вера і любоў да Бога і бліжняга ўмацоўваюць сямейнае жыццё і робяць яго яшчэ больш моцным.

Маладая пара знаходзіць духоўную падтрымку у Братоў Меншых, якія з 1222 года прыбылі ў Турынгію. Сярод іх Альжбета выбрала брата Рудзігера духоўным настаўнікам. Калі ён расказаў ёй гісторыю навяртання маладога і багата купца Францішка з Асізі, Альжбета стала захапляцца яго хрысціянскім жыццём. З таго часу з яшчэ большай рашучасцю яна вырашыла наследаваць ўбокага і ўкрыжаванага Хрыста, які прысутны ў бедных. Нават калі нарадзілася першае дзіця, а потым і два наступныя, наша святая ніколі не пакідае ўчынкаў міласэрнасці. Дапамагае Братам Меншым пабудаваць кляштар у Гальбэрштат, у якім брат Рудзігер стаў настаяцелем.

Вялікім выпрабаваннем была разлука з мужам у канцы чэрвеня 1227 года, калі Людвік ІV прыняў удзел у крыжовым паходзе імператара Фрыдрыха ІІ. Калі ён сказаў ёй, што гэта традыцыя манархаў Турынгіі, Альжбета адказала: «Я цябе не затрымліваю. Я ўсё аддала Богу, а цяпер мушу аддаць і цябе». Аднак войскі знішчыла ліхаманка і сам Людвік захварэў і памёр. Альжбета, пачуўшы вестку, настолькі была засмучана гэтым, што засталася ў самоце, але менавіта тады, умацаваная малітвай і суцешаная надзеяй убачыць яго ў Небе, стала цікавіцца справамі каралеўства. Тут зноў чакала яе другое выпрабаванне: брат Людвіка ўзурпаваў сабе ўладу ў Турынгіі, абвясціўшы сябе сапраўдным спадчыннікам Людвіка і абвінаваціўшы Альжбету ў тым, што яна некампетэтная ў кіраванні Турынгіяй. Маладая ўдава з трыма дзецьмі была выкінута з замка Вартбурга і стала шукаць прыстанішча. Толькі дзве з яе служанак былі блізкія ёй і суправаджалі Альжбету і яе траіх дзяцей. Блукаючы па вёсках, Альжбета працавала там, дзе яе прымалі, аказвала дапамогу хворым, аддаючы сябе Богу. Некаторыя сваякі, якія засталіся вернымі Альжбеце, палічылі незаконным урад брата Людвіка, рэабілітавалі імя ягонае. Такім чынам Альжбета, пачынаючы з 1228 года змагла атрымліваць належныя даходы па мужу і перайшла жыць у замак у Марбургу, ў якім пасяліўся таксама і айцец Коррадо.

Апошнія тры гады свайго жыцця Альжбета правяла ў бальніцы, якую сама заснавала, служачы хворым, чуваючы пры паміраючых. Заўсёды імкнулася выконваць найбольш нявыгадныя і агідныя працы. Яна стала той, якую мы маглі б назваць пасвячонаю жанчынаю сярод свету. Яна разам з іншымі сяброўкамі, апранутымі ў шэрую вопратку, заснавала рэлігійную супольнасць.

У лістападзе 1231 года ў Альжбеты пачалася высокая гарачка. Калі вестка аб яе хваробе распаўсюдзілася, многія людзі прыходзілі, каб убачыць яе. Праз дзесяць дзён яна папрасіла, каб дзверы яе пакою былі зачынены, бо хоча пабыць сам-насам з Богам. Ноччу 17 лістапада яна заснула ў Пану. Сведчанняў пра святасць Альжбеты было так шмат, што праз чатыры гады папа Рыгор ІХ абвясціў яе святой і ў тым жа 1231 годзе быў асвячоны прыгожы касцёл, пабудаваны ў яе гонар у Марбурго, – сказаў на заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.