2010-10-18 15:22:15

Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу выступае з экуменічнымі ініцыятывамі


RealAudioMP3 Выніковае пасланне пасяджэння Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу было тэмай абмеркавання ўдзельнікаў 17 кастрычніка 2010 г. Праект дакумента прадставілі кіраўнікі рэдакцыйнай камісіі Сіноду: мелхіцкі арцыбіскуп Кірыл Салім Бустрос і біскуп Вільям Шомалі з Іерусаліма.

«Мы горача жадаем узгаднення даты Вялікадня з Праваслаўнай Царквой», — адзначыў біскуп Шомалі. Іерарх выказаў прапанову, каб католікі ўзгаднілі з праваслаўнымі і посныя практыкі, нагадаўшы, што пост цэніцца таксама ў ісламе і іўдаізме. «Супольны для католікаў усіх абрадаў час і спосаб посту быў бы пазітыўным знакам як для вызнаўцаў Хрыста, так і для нехрысціянскіх вернікаў», — падкрэсліў дапаможны біскуп з Іерусаліма. Выступоўца дадаў, што католікі лацінскага абраду на Блізкім Усходзе дыхаюць «абодвума лёгкімі» Касцёла, аб якіх казаў папа Ян Павел ІІ, а менавіта ўсходняй і заходняй традыцыямі. Арабскія католікі з лацінскага Касцёла ў гэтым рэгіёне цалкам ідэнтыфікуюць сябе з яго абрадам, але адначасова адчуваюць сябе ў поўнай меры людзьмі Усходу. У прыватнасці, з усходняй традыцыі яны чэрпаюць у практыцы літургічных спеваў.

Як было адзначана, католікі рэгіёну, а таксама пратэстанты святкуюць Вялікдзень згодна з грыгарыянскім календаром. У той жа час усе праваслаўныя разам з часткай Касцёлаў на Усходзе адзначаюць гэтую дату паводле юліянскага календара. Розніца паміж гэтым складае ад тыдня да месяца і нават больш. Узгадненне даты Вялікадня неаднаразова было тэмай абмеркавання Сіноду. Акрамя гэтага, была закранута тэма патрэбы прыняцця адзінага для ўсіх хрысціян рэгіёну арабскага перакладу малітвы «Ойча наш». Высілкі ў гэтым кірунку працягваюцца на Блізкім Усходзе ўжо некалькі гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.