2010-10-18 14:57:15

Папа Бэнэдыкт XVI скіраваў ліст да семінарыстаў


RealAudioMP3 Ён прымеркаваны да нядаўна завершанага Года святарства. Ва уступным слове Папа падзяліўся сваімі успамінамі, як пад час Другой Сусветнай вайны, у снежні 1944 году, камандзір вайсковага падраздзялення, у якім ён праходзіў вайсковую службу, спытаўся ў маладых салдатаў, аб тым, што яны хочуць рабіць калі вайна скончыцца. Папа адказаў тады, што пасля вайны хоча стаць каталіцкім святаром, на што вайсковец сказаў, што ў новай Германіі не будзе патрэбы ў святарах. “Я ведаў ужо, што гэтай “новай Германіі” надыходзіў канец, і што пасля тых вялізарных разбурэнняў, якія прынесла гэтая вар’яцтва краіне, патрэба ў святарах будзе як ніколі”, кажа Папа ў сваім лісце.

Сёння сітуацыя змянілася, але яшчэ вельмі шмат людзей думаюць, што святарства будзе непатрэбным у будучыні і з’яўляецца “прафесіяй” мінулага. Але, у той жа час, шмат тых, хто прытрымліваецца іншых поглядаў.

Папа выказвае ўпэўненасць, што людзі заўсёды будуць патрабаваць Бога, нават у сучасную эпоху тэхнікі і глабалізацыі. Людзі патрабуюць Бога, які аб’явіўся ў Езусе Хрысце, каб паказаць сапраўднае жыццё, і каб зрабіць гэтае жыццё больш чалавечым. Там дзе Бога няма, чалавек уцякае ў п’янства і насілле, што сёння з’яўляецца пагрозай, асабліва для моладзі. Таму Бог патрабуе людзей, якія жывуць для Яго і нясуць Яго іншым. Пакуль будзе існаваць свет, будзе патрэба ў святарах, кажа Святы Айцец.

Перш за ўсё Святы Айцец падкрэсліў важнасць малітвы і персанальнага кантакту з Богам, які паказаў сваё аблічча ў асобе Езуса Хрыста. Святар, гэта не кіраўнік асацыяцыі, які клапоціцца аб яе колькасным росце; ён з’яўляецца пасланнем Бога паміж людзьмі. Святар павінен быць у блізкім персанальным кантакце з Панам, а развіццё гэтага кантакту з’яўляецца сэнсам нашай малітвы, кажа Папа.

Акрамя малітвы, Пантыфік падкрэсліў важнасць удзелу і цэлебрацыі Сакрамэнтаў, перш за ўсё Эўхарыстыі, якая павінна стаць цэнтральнай падзеяй кожнага дня. Сакрамэнт споведзі вучыць нас бачыць сябе вачыма Бога і падштурхоўвае быць больш сумленнымі ў адносінах да самога сябе.

Папа звяртае ўвагу на важнасць народнай пабожнасці, якую нельга выключаць, але шанаваць і ачышчаць, бо менавіта праз яе вера трапляе да сэрцаў людзей.

У сваім лісце да будучых святароў Святы Айцец падкрэслівае, што хрысціянская вера мае інтэлектуальнае і рацыянальнае вымярэнне, таму неабходна вучыцца вельмі сумленна і дасканала. У той жа час, памятаць аб тым, што тэалогія не можа стаць навукай для самой сябе. Яна павінна злучацца з верай усяго Касцёла.

Папа звярнуў увагу на асабісты чалавечы рост будучых святароў, на працу над сабой, над сваёй сэксуальнасцю, якая з’яўляецца Божым дарам, але часта зводзіцца да банальнасці і становіцца дэструктыўнай.

Напрыканцы свайго ліста Святы Айцец падкрэсліў важнасць разнастайнасці рэлігійных рухаў, дзякуючы якім будучы святар можа выбраць тую духоўнасць, якая яму найбольш адпавядае.







All the contents on this site are copyrighted ©.