2010-10-17 12:11:15

Бэнэдыкт ХVI здзейсніў кананізацыю шасці новых святых


RealAudioMP3 У нядзелю 17 кастрычніка Папа Бэнэдыкт ХVI падчас святой Імшы на Плошчы св. Пятра узнёс да хвалы алтароў шэсць новых святых.

Першы з іх Андрэй (Альфрэд) Бессэтт, канадзец, які жыў на пераломе ХІХ-ХХ стагоддзяў. Быў братам законным з Кангрэгацыі Святога Крыжа. Да закону ўступіў у 1870 годзе. Большую частку свайго жыцця правёў у кляштары Co’te-des-Neiges у Манрэалі. Яго глыбокая вера дала яму павагу і любоў усіх, хто ведаў яго. Быў суцяшыцелем і маральным аўтарытэтам для бедных, хворых і патрабуючых, якія прыбывалі да яго, каб пачуць словы суцяшэння і падтрымкі. Здараліся нават цуды і аздараўленні праз яго заступніцтва. Ён сам адчуваў асаблівую сувязь са Святым Юзафам, у гонар якога ў 1904 годзе пачаў будаваць Санктуарый на Каралеўскай Гары, які пазней стаў базілікай і важным цэнтрам пілігрымак.

Святая Кандыда Марыя ад Езуса, жыла таксама на пераломе ХІХ –ХХ стагоддзяў. Была іспанкай з Краіны Баскаў, заснавальніца Кангрэгацыі Дачок Езуса.

Пад уплывам візій, якія мела ў 1869 годзе зразумела, што павінна заснаваць новую законную супольнасць, якая занялася б занядбанай і пакінутай моладдзю. Хоць сама была амаль непісьменнай, і пры гэтым беднай і самотнай, дастаткова хутка здолела заснаваць у горадзе Саламанка Кангрэгацыю Дачок Езуса, якая прытрымлівалася духоўных практыкаванняў Святога Ігнація Лаёлы, заснавальніка ордэна езуітаў.

Трэцяя новая святая –Марыя ад Крыжа з Аўстраліі, жыла 1842-1909 гг. Была заснавальніцай Кангрэгацыі Сясцёр Святога Юзафа ад Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, харызматам якой стала навучанне і выхаванне дзяцей з бедных сем'яў. Яна была пачынальніцай каталіцкай адукацыі ў сваёй краіне.

Юлія Сальцано, італьянка, жыла ў 1846-1929 гг. Была дзевай і заснавальніцай Кангрэгацыі Сясцёр Катэхетак ад Святога Сэрца. Памерла ва ўзросце 73 гадоў.

Бабтыста (Каміла) Варано (1458-1524 гг.), італьянка, кларыска, містычка.

Габіт кларысак налажыла ў 1481 ў горадзе Урбіно. Праз тры гады яе бацька стаў фундатарам кляштара каля Камерыно, куды ў 1484 годзе перайшла жыць сястра Баптыста, якая стала там настаяцельніцай. Памерала ад эпідэміі чумы.

Апошні з новых святых, Ксёндз Станіслаў Солтыс, званы ад месца нараджэння- Казімежа (цяпер частка Кракава) Казімерчыкам, жыў у 1433-1489 гадах. Каля 1462 года ўступіў у Кангрэгацыю Рэгулярных Латэранскіх Канонікаў, дзе і прыняў святарскія свядчыны. Меў містычныя візіі. Памёр у сваім кляштары ў Кракаве ў 1489 годзе. Адразу ж пасля смерці пачаў пашырацца яго культ, які афіцыйна быў зацверджаны дэкрэтам Папы у 1992 годзе.

На цырымоніі кананізацыі былі прысутныя рэлігійныя і палітычныя дзеячы. У прыватнасці кардынал Станіслаў Дзівіш з Кракава і Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.