2010-10-13 15:58:58

Ерусалім: малітва ў інтэнцыі прац Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу


RealAudioMP3 Працы Асамблеі Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу падтрымлівацюь малітваю святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі парафій Святой Зямлі. Па просьбе лацінскага Патрыярха Ерусаліма Фуада Твала пра ласку Духа Святога для ўдзельнікаў Сінода, асабліва моляцца кантэмпляцыйныя супольнасці.


Кармэліты і кармэлітанкі, прысутныя ў Святой Зямлі, паведамляюць пра безупынную малітву ў інтэнцыі прац Сіноду. Хрысціяне, хоць з’яўляюцца ў Святой Зямлі “маленькім лішкам” , бо перавагу маюць мусульмане і яўрэі, могуць, аднак, стаць бачнай супольнасцю. Жыхарам гэтых зямель, якія зберагаюць вернасць Хрысту нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, кармэліты нагадваюць словы Езуса: “Не бойся, малое стада”.

У Сінодзе са Святой Зямлі ўдзельнічае арцыбіскуп Фуад Твал, яго дапаможны біскуп, арцыбіскуп Мішэль Саббах, эмэрытаваны Патрыярх, старшыні Каталіцкіх усходніх Цэркваў і кусташ Святой Зямлі.


У аўторак 12 кастрычніка, на прэс-канферэнцыі ў Рыме гэнэральны рэлятар Сіноду, Копцкі Патрыярх Нагуіб паддаў крытыцы папраўкі да закону аб грамадзянстве, якія былі прынятыя ізраільскім урадам 10 кастрычніка, хоць яшчэ не зацверджаныя. Справа тычацца прысягі на вернасць “Ізраілю, яўрэйскай і дэмакратычнай дзяржаве”, якую мелі б складаць асобы, якія павінны падаць заяву на атрыманне ізраільскага грамадзянства. Па словах Патрыярха, гэтае рашэнне знаходзіцца ў супярэчнасці з дэмакратыяй, асабліва для арабскіх грамадзян Ізраіля.








All the contents on this site are copyrighted ©.