2010-10-12 15:12:22

Інтэрнет-старонка на іўрыце з Ватыкану.


RealAudioMP3 Спецыяльна для працаў Сіноду біскупаў для Блізкага Усходу на нашым Радыё Ватыкан, унутры старонкі італьянскай праграмы, адчынена для асвятлення падзеі вэб-версія па-яўрэйску. Рэдагуе яе даследчыца з Ізраілю, выкладчык хрысціянства на іўрыце Хана Бядкоўскі, у супрацоўніцтве з айцом езуітам Давідам Найхаўзам. Ён з’яўляецца вікарыем Лацінскага Патрыярхату Ерусаліма для яўрэйскамоўных і рускамоўных католікаў, прымае ўдзел у працах Сіноду. У сваім інтэрв’ю айцец Давід расказвае:

“Наш вікарыят апякуецца трыма асноўнымі сэктарамі. Найперш, католікамі 7 супольнасцяў па ўсёй краіне, якія удзельнічаюць у святой Імшы. Такіх прыкладна паўтысячы – маленькая грамада вернікаў, поўная жыццёвай сілы.

Па-другое, мы займаемся тысячамі маладых людзей, якія маюць бацькоў католікаў - працоўных эмігрантаў ці ўцекачоў, якія жывуць у Ізраілі. Дзеці атрымліваюць у ізраільскіх школах добрую адукацыю, няма што адмаўляць. Але ніякага рэлігійнага выхавання, катэхізму. Для нас вельмі важна гарантаваць дзецям эмігратаў каталіцкую адукацыю ў адпаведнасці з верай іх продкаў. Цікава бачыць разам гэтых дзяцей, юнакоў і дзяўчат падчас летнікаў, што арганізуем. Яны маюць розны колер скуры, розныя культурныя традыцыі, але іх спалучае яўрэйская мова. Дык цяпер працуем над кнігамі катэхізісу. Першы ўжо выйшаў летась – прысвечаны постаці Хрыста. Наступны хутка выйдзе – раскажа пра Сусветны Каталіцкі Касцёл.

Трэці напрамак – дыялог з усім народам Ізраіля на яўрэйскай мове. Каб даць грамадству магчымасць пазнаёміцца з хрысціянствам, з Езусам Хрыстом, дазволіць даведацца, аб чым Касцёл навучае, што кажа адносна любога аргументу. А для гэтага, як падкрэслівае l’Instrumentum Laboris, важна фармаваць унутры Касцёла асоб, якія б маглі весці дыялог з яўрэямі на іх сучаснай мове.

Спадзяюся, таксама як біскупы, святары і вернікі нашага Касцёла, што гэты Сінод станецца пачаткам адраджэння, момантам, калі Касцёл знойдзе еднасць у глыбокай камуніі веры, каб жыццёва сведчыць тыя каштоўнасці, якія Езус даў нам у Евангеллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.