2010-10-09 17:24:53

Інтэрв’ю з кардыналам Юзафам Томка


RealAudioMP3 - Эмінэнцыя, Вы першы раз у Беларусі? Якія ўражанні ад краіны, ад людзей?

- Ужо першая сустрэча з краінай і з народам была вельмі сардэчнай. Тут жывецца гэтай сардэчнасцю, якая вызначае нас, славянаў. Нават не ведаючы добра мовы, дастаткова некалькіх словаў, каб знайсці паразуменне. Маю цудоўнае ўражанне.

- Вы сустракаліся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Наколькі важнай была гэтая сустрэча, у якім фармаце яна праходзіла і якія пытанні закраналіся падчас гэтай сустрэчы?

- Сказаў бы, што я вельмі ўражаны сардэчнасцю, з якой мяне прыняў Прэзідэнт Рэспублікі. Хаця характар майго візіту рэлігійны, але, калі падарожнічаеш у якасці спецыяльнага пасланца-легата Папы, які ёсць таксама кіраўніком дзяржавы, тады грамадзянскія ўлады клапоцяцца пра бяспеку і іншыя пратакольныя рэчы. Акрамя таго, я адчуў персанальнае глыбокае зацікаўленне Прэзідэнта Беларусі маім візітам.

- Вы прыбылі на юбілей 300-годзя мінскай архікатэдры як прадстаўнік Папы. Якое пасланне Вы прывезлі ад Святога Айца? Якое месца ў яго сэрцы займае Беларусь?

- Ён гэта выказаў у сваім асабістым лісце, з якім мяне паслаў сюды і які быў апублікаваны ў газеце L’Osservatore Romano. Дастаткова бачыць гэты ліст, каб заўважыць моцны клопат Папы пра беларускі Касцёл. Я хацеў бы пацвердзіць гэтае стаўленне таксама пасля асабістай сустрэчы са Святым Айцом у канцы агульнай аўдыенцыі ў мінулую сераду. Сустрэча была кароткай, але вельмі прыгожай; мала слоў, але яны ішлі ад сэрца, таму я іх адчуў. Зноў хачу паўтарыць “Да сэрца гаворыць сэрца”. Існуе повязь паміж Папам і беларускім народам, але, павінен сказаць, і мною, яго пасланцом. Я жыву гэтай прыгожай атмасферай. Цяпер мы толькі-што выйшлі з Катэдры. Я бачыў людзей вельмі ўсхваляваных, не проста задаволеных, але менавіта ўсхваляваных, нягледзячы на вельмі доўгую цырымонію. Хвалюючым была таксама прысутнасць прадстаўнікоў Улады і Дыпламатычнага Корпусу. Цэлебрацыя цудоўная, ўзнёслая. У ёй ўдзельнічала 10 біскупаў з розных краін: з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Беларусі. Былі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт Філарэт не мог быць прысутным, але даслаў свой ліст і свайго прадстаўніка. Усё было цудоўна, натхняюча.

- Што вы хацелі б пажадаць Касцёлу і вернікам Беларусі?

-Няхай Касцёл далей ўзрастае. Ужо відаць гэты рост. У зусім кароткі час ён моцна аднавіўся, поўны народу, прычым не толькі старога, але ёсць шмат моладзі. І гэта вельмі важна для будучага ўзрастання Касцёла ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.