Гамілія на 300-ю гадавіну кансэкрацыі сённяшняй мінскай архікатэдры 9
кастрычніка2010 г.Кардынал Юзаф Томкo, спецыяльны пасланец
папы Бэнэдыкта XVI
1. Захапляючая 300-гадовая гісторыя. Сёння мы сустракаемся
ў гэтым месцы з гісторыяй, якая можа здавацца раманам. Трыста гадоў таму, у 1710 годзе,
гэты касцёл быў асвячоны і, са стварэннем у 1798 годзе Мінскай дыяцэзіі, стаў катэдральным.
За гэтыя тры стагоддзі святыня набыла багатую на падзеі гісторыю. Нягледзячы на тое,
што дыяцэзія неаднаразова скасоўвалася і зноў адраджалася, касцёл працягваў існаваць
і пасля Другой Сусветнай вайны — як сімвал надзеі, што ўзвышаўся сваімі дзвюма вежамі,
хоць інтэр’ер быў цалкам разбураны. Нарэшце, у 1993 годзе катэдра была канчаткова
вернута архідыяцэзіі. У 1997 годзе кардынал Шока разам з арцыбіскупам Мітрапалітам
кардыналам Свёнткам і Мітрапалітам Кандрусевічам перад святой выявай Беззаганнай Маці
Божай здзейсніў рэкансэкрацыю святыні з новым алтаром і арганам.
Гэтая катэдра,
як мы бачым, мае вельмі хвалюючую гісторыю, балючую і слаўную. І сёння яна, напэўна,
у поўнай меры адыгрывае сваю ролю як «сэрца» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у першую
чаргу для вернікаў архідыяцэзіі, а таксама для іншых дыяцэзій, як гэта паказаў Сінод
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій.
Знаходзячыся
ў сталіцы Беларусі, святыня наведвалася выдатнымі пастырамі з-за мяжы: кардыналамі
Руіні і МакКарыкам, Лопесам Трухільё, Бэртонэ і іншымі. У 2007 годзе катэдра прымала
генеральных сакратароў Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Папа Рымскі Ян Павел II у знак
пашаны накіроўваў сюды сваіх спецыяльных пасланцоў.
І цяпер наш Святы
Айцец Бэнэдыкт XVI накіраваў мяне ў якасці свайго спецыяльнага пасланца на гэтае знамянальнае
свята, каб паказаць сваю бацькоўскую любоў і перадаць апостальскае благаслаўленне,
якое я вам удзялю на заканчэнне святой літургіі.
Гэты касцёл называецца катэдральным,
бо тут знаходзіцца катэдра Арцыбіскупа дадзенай архідыяцэзіяльнай супольнасці, а значыць,
пасад таго, хто з’яўляецца айцом, настаўнікам і правадыром. Як указвае Другі Ватыканскі
Сабор, «біскупа трэба лічыць першасвятаром ягонай паствы, бо ад яго ў пэўнай ступені
паходзіць і залежыць хрысціянскае жыццё яго вернікаў. Таму ўсе павінны высока цаніць
літургічнае жыццё дыяцэзіі, сканцэнтраванае вакол біскупа, асабліва ў катэдральным
касцёле; павінны быць перакананыя, што Касцёл выяўляецца перадусім праз поўны і актыўны
ўдзел усяго святога народу Божага ў адных і тых жа літургічных цэлебрацыях, асабліва
ў адной і той жа Эўхарыстыі, у адной малітве, пры адным алтары пад кіраўніцтвам біскупа
ў акружэнні прэзбітэраў і слуг алтара» (Sacrosanctum соnsilium-41).
Сённяшняя цэлебрацыя не з’яўляецца данінай гістарычнай памяці толькі архітэктурнаму
помніку, хоць і знамянальнаму. Мы ўзгадваем мінулае, каб падзякаваць Пану, які дае
нам свабоду здзяйснення рэлігійных абрадаў разам з пастырам гэтай супольнасці і іншымі
святарамі. Таму з вялікай радасцю дзякуем Богу ў гэтым «доме Божым» і «жыллі Усемагутнага».
Бо гэта сапраўды «дом Божы»!
2. Гэтаясвятыня — «дом
Бога». У старажытныя часы кароль Саламон, узіраючыся ў святыню Ерузалемскую,
запытаўся: «Ці ж сапраўды Бог будзе жыць на зямлі? Бо калі нябёсы і неба нябёсаў не
могуць змясціць Цябе, тым больш гэты дом, які я пабудаваў Табе» (1 Вал 8, 27). Аднак
жа бясспрэчнаю праўдай з’яўляецца тое, што касцёл — гэта «жыллё Бога, якое жыве» асаблівым
чынам.
Вось мы сабраліся, каб аддаць пашану і пакланенне Богу, асабіста
і ўсёй супольнасцю вернікаў, на хвалу, падзяку і ахвяраванне. Тут Сын Божы прысутнічае
асаблівым чынам — у святой Эўхарыстыі, тут Езус Хрыстус кожны раз паўтарае сваю ахвяру
на крыжы за ўсіх нас, тут Ён сакрамэнтальна прысутны як «Бог з намі», як «Эмануэль».
Для Бога, які ёсць на небе і на зямлі, у кожным куточку свету, створаны
і кансэкраваны дом, якім з’яўляецца касцёл. Гэта месца, дзе кожны з нас асабіста або
ў супольнасці можа сустрэцца з Ім, як дзеці сустракаюцца з Айцом, як стварэнні — са
сваім Стварыцелем, у радасці і ў журбе, у момант кожнай важнай падзеі нашага жыцця.
Тут мы, як сям’я вернікаў, можам сустрэцца з Ім у кожную нядзелю і свята, з Ім — жывым
і Уваскрослым — у Эўхарыстычным ахвярапрынашэнні.
У сваім доме Бог чакае
нас у самыя важныя моманты нашага жыцця, падчас хросту — нашага і нашых блізкіх, у
святой Камуніі, у сакрамэнце канфірмацыі, сужэнства, падчас пахавання. Аднак таксама
і ў споведзі, у адданай малітве, у кароткіх і працяглых сустрэчах з Богам. Гэта —
дом Божы, і ў той жа час месца, якое належыць вернікам. Тут зямля спалучаецца з небам,
тут чалавеку лягчэй знайсці Бога, асабліва ў часы цяжкасцяў ці прыгнёту. За мінулыя
300 гадоў колькі разоў вашы таты і мамы нанава знаходзілі духоўную моц і суцяшэнне
Божае. Менавіта таму яны здольвалі аднаўляць і рэканструяваць гэты Божы дом, каб у
ім аддаваць пашану і праслаўляць Яго.
Разам з царом Саламонам узнясём
малітву да Бога: «Няхай уначы і ўдзень вочы Твае глядзяць на гэтую святыню... Пачуй
просьбу слугі Твайго і народу Твайго, Ізраэля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы»
(1 Вал 8, 28f).
3. Каб будаваць «святынісэрцаў». Нават
самыя прыгожыя касцёлы ў свеце павінны служыць найвышэйшай мэце. Святыні з цэглы,
бетону, мармуру і дрэва прызначаны для духоўных мэтаў. Гэтыя бачныя храмы павінны
спрыяць «будаўніцтву Божых святыняў вашых сэрцаў». Святы Павел нагадвае нам у другім
чытанні: «Вы — Божая ніва, будоўля Божая» (пар. 1 Кар 3, 9). Кожны з вас праз хрост
атрымаў таямнічае жыццё і стаў жывой святыняй, у якой прабывае Айцец, Сын і Дух Святы.
Здаецца, сапраўды неверагодна, але сам Езус Хрыстус запэўніў нас у той праўдзе, што
мы — святыні Божыя, святыні Духа Святога, а нашыя сэрцы, як шаты Бога жывога.
На
жаль, моцны грэх можа абражаць і забіваць боскае жыццё ўнутры нас. Мы можам забрудзіць
і нават знішчыць духоўную святыню ўнутры нас, выдаліўшы з сэрцаў Бога. Павел кажа
нам яскрава: «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі
хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся
вы» (1 Кар 3, 16–17).
Браты і сёстры, праслаўляйце Бога ў старажытных і найпрыгажэйшых
касцёлах. Таксама ўшаноўвайце Бога — жывога і сапраўднага — у сэрцах вашых і ў свяцілішчах
вашай свядомасці. Будуйце духоўныя святыні і паважайце вашае цела і целы іншых як
святыні Бога, Духа Святога.
Усе разам вы, як жывыя камяні духоўнага дому, з’яўляецеся
часткай сусветнага Касцёла як адзінага арганізма і праз гэта становіцеся сям’ёю Божай.
Святы Павел нагадвае нам пра гэту цудоўную рэальнасць у сваім Пасланні да Эфесцаў,
што распаўсюджваецца таксама на дыяцэзіяльныя касцёлы: «Браты: Вы ўжо не чужыя і не
прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў
і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены
разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам,
каб быць жыллём Бога» (Эф 2, 19–22).
Гэта яскравае запрашэнне жыць і будаваць
дух адзінства паміж вамі, вакол вашых пастыраў і вашага арцыбіскупа Мітрапаліта, які
мае тут свой пасад.
Наступнік Пятра папа Бэнэдыкт XVI, які з’яўляецца асновай,
«каменем» і гарантам адзінства, заклікае вас рупліва ўзрастаць у гэтай камуніі. І
благаслаўлёная Маці Божая, якой прысвечаны гэты гістарычны і славуты катэдральны касцёл,
будзе суправаджаць вас у гэтым узрастанні праз Божую ласку дзеля ўзвядзення духоўнага
будынку, якім з’яўляецца Касцёл.
У імя Найсвяцейшай Тройцы: Айца і Сына, і
Духа Святога. Амэн.