2010-10-06 17:43:57

«Пазнаючы Бога, мы дасягнём сапраўднага шчасця — мэты нашага жыцця». Бэнэдыкт XVI да сабраных на генеральнай аудыенцыі


RealAudioMP3 6 кастрычніка, падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі ў сераду, Папа прыняў шматлікіх вернікаў з цэлага свету.

Сёння на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Бэнэдыкт XVI гаварыў пра нямецкую святую Гертруду Вялікую ХІІІ стагоддзя, якая мела містычныя аб’яўленні, «адзіную з жанчын Германіі, удастоеных тытула Вялікая».

«Дзякуючы сваёй культурнай і евангелічнай постаці, — сказаў Папа, — яна зрабіла асаблівы адбітак ва ўсёй хрысціянскай духоўнасці. Гэта выдатная жанчына была надзелена надзвычайнымі прыроднымі талентамі і дарамі, глыбокай пакорай і імкненнем ратаваць бліжняга. Яна жыла ў блізкай лучнасці з Богам — у сузіральнай малітве і гатоўнасці прыйсці да іншых з канкрэтнай дапамогай».

У кляштары Хэльфта, куды яе адправілі ў 5-гадовым узросце, яна наследуе святасць сваёй настаўніцы Мацільды Хакесборн, тут знаёміцца з Мацільдай Магдэбургскай, другой сярэднявечнай містычкай. Дзяўчынка расце пад іх мацярынскай апекай, да якой дадаецца пяшчота і патрабавальнасць ігуменні Гертруды.

«Засвойваючы скарбы мудрасці і вопыту гэтых трох законніц, — працягваў святы Айцец, — Гертруда ідзе сваім рэлігійным шляхам у цесным кантакце з Панам, давяраючы Яму. Багацце духоўнасці яна паказвае не толькі сваім манаскім жыццём, але таксама — і перш за ўсім сваім біблейскім існаваннем, літургічным, святаайцовым і бэнэдыктынскім, з асабістай пячаткай дару магутнага выказвання».

Затым Папа прывёў кароткія звесткі з біяграфіі святой. «Гертруда нарадзілася 6 студзеня 1256 г., на свята Хрышчэння. Аднак нічога не вядома ні пра яе бацькоў, ні пра месца нараджэння. Ва ўзросце пяці гадоў, у 1261 г., яна паступіла ў школу пры кляштары, як гэта часта бывала ў тая часы. Тут яна правядзе ўсё сваё жыццё, пра асноўныя падзеі якога сама і раскажа. У сваіх успамінах яна не стамляецца нагадваць, што „Пан з літасцю і з бясконцым цярпеннем абараніў мяне ў гады дзяцінства, падлеткавага ўзросту і юнацтве, якія я правяла ў нейкай слепаце, пра што не магу [...] думаць, казаць ці ўзгадваць без згрызоты сумлення, бо сорамна тое, што мне падабалася і што я магла зрабіць, калі б мяне не спыняў вяылікі страх перад злом, пераадоленым пры дапамозе прыроднай схільнасці да добра і вонкавага клопату з боку іншых. Я б паводзіла сабе як язычніца [...] і разумею, што гэта Ты пажадаў, каб з дзяцінства, з майго пяцігадовага ўзросту, я жыла ў бэнэдыктынскім санктуарыі і атрымала адукацыю ад самых адданых Табе сяброў».

Гертруда была незвычайнай студэнткай. Яна хацела пазнаць усё, што магчыма даведацца з навукі Triviо і Quadrivio, моцна і з запалам захаплялася свецкімі прадметамі. Яе поспехі ў навучанні пераўзышлі ўсе чаканні.

«Хоць нічога не вядома пра яе паходжанне, — адзначыў далей Бэнэдыкт XVI, — аднак яна шмат распавядае нам пра юнацкія захапленні: літаратура, музыка і спевы, мастацтва мініяцюры. Яна мела характар моцны, рашучы, непасрэдны, імпульсіўны. Часта сама кажа пра сваю нядбайнасць; прызнае свае памылкі, за што пакорліва просіць прабачэння. Яна паслухмяна просіць парады і малітвы за яе навяртанне. Асаблівасці яе тэмпераменту і дэфектаў будуць суправаджаць яе да канца жыцця, так, што многія людзі здзіўляліся, як яна стала абранніцай Пана. Падчас вучобы, якая працягвалася два дзесяцігоддзі, не здараецца нічога асаблівага: яна цалкам прысвячае сабе Богу і манаскаму жыццю.

Малітва — вось яе асноўная дзейнасць. Яна славіцца сярод сясцёр сваёй культурай і адукаванасцю ў розных галінах. Аднак падчас Адвэнту 1280 г. пачынае адчуваць абыякаваць да ўсяго, яе раздражняе мітусня. І вось, 27 студзеня 1281 г., за некалькі дзён да свята Ахвяравання Пана, надвячоркам сам Пан асвятляе яе духоўную цемру. З пяшчотай і ласкай супакойвае трывогі і ўціск, неспакой, якія Гертруда разумее як дар Божы, што дапамагае ёй знесці вежу ганарыстасці і пустой цікаўнасці: «Якой я была апантанай! Нягледзячы на імя і вопратку законніцы, на жаль, я ўзносілася ганарыстасцю, і раптам знайшла сцежку, што павяла мяне да Твайго Збаўлення».

Яна ў мроях бачыць маладога чалавека, які, узяўшы яе за руку, вядзе да пераадолення цярністай перашкоды , што прыгнятае яе душу. У гэтай руце Гертруда пазнае «найкаштаўнейшыя сляды тых ран, якія адмяняюць ўсе абвінавачванні нашых ворагаў», пазнае таго, Хто на крыжы выратаваў нас сваёй крывёю — Есуса».

З таго часу, — сказаў Папа, — яе жыццё працякае ў цесных зносінах з Панам, якія ўвесь час узмацняюцца, асабліва ў найбольш значныя моманты літургічнага года — Адвэнт і Божае Нараджэнне, Вялікі пост, Вялікдзень, свята Панны Марыі і нават тады, калі ёй дзеля хваробы не дазволілі выехаць разам з хорам».

Біёграф святой расказвае пра два кірункі, якія вызначаюць яе «перамяненне»: радыкальны адыход ад гуманітарных свецкіх навук да багаслоўя і да містычнага паглыблення з вялікім місіянерскім запалам. Пан, які ўзяў яе з мацярынскага лона, з дзяцінства зрабіў яе ўдзельніцай манаскага жыцця, залікае да сваёй Ласкі «ў адрачэнні ад рэчаў знешніх дзеля ўнутранага жыцця, ад зямных клопатаў — да духоўных рэчаў». Гертруда разумела, што знаходзілася ў далечыні ад Яго з прычыны ўласных недахопаў, з-за празмерна вялікай прагнасці да ліберальных даследаванняў, чалавечай мудрасці, ігнаруючы духоўнае навучанне, пазбаўляючы сябе смаку мудрасці сапраўднай. Тамму яна пачынае ажыццяўляць уздым на гару сузірання, дзе распранецца са старога чалавека і апранецца ў новага.

«З проста адукаванай яна становіцца багасловам, нястомна і ўважліва чытаючы ўсе святыя кнігі, якія ёй трапляліся, запаўняючы сэрца самымі карыснымі і пяшчотнымі словамі са Святога Пісання. Натхнёная імі, Яна з лёгкасцю і лаканічнасцю магла адказваць сваім апанентам і безварыянтна пераконваць іх.

Гертруда, — адзначыў Папа, — пераўтварае ўсё ў апостальства, прысвячае сябе напісанню і распаўсюджванню праўды веры з яснасцю і прастатой, вытанчанасцю і пераканаўчасцю, служачы з любоўю і вернасцю Касцёлу, і такім чынам набывае высокую ацэнку як сярод тэолагаў, так і звычайных вернікаў. З апостальскай дзейнасці святой засталося няшмат з прычыны падзей, якія прывялі да разбурэння кляштара Хэльфа. Акрамя твору „Пасланец Божай любові“ і „Аб’яўленне“, да нас дайшлі „Духоўныя практыкаванні“, — рэдкая каштоўнасць духоўнай містычнай літаратуры. У рэлігійным ракурсе наша святая з’яўляецца „цвёрдай калонай, пільнай змагаркай за справядлівасць і праўду“. Словамі і прыкладам яна натхняе іншых велізарным запалам. Малітвы і пакаянні, якія дадае да манаскіх правілаў, дыхаюць такой адданасцю і верай у Бога, што натхняюць усіх тых, хто мае ўсведамленне прысутнасці ў сабе Пана. На самой справе, сам Бог дае ёй зразумець, што яна паклікана быць прыладай Ягонай ласкі.

У прыватнасці, два дары здаюцца ёй найбольш дарагімі, чым любыя іншыя, як пісала сама Гертруда: «Стыгматы Тваіх ранаў, якія Ты мне пакідаеш, як каштоўныя пярліны, у глыбіні сэрца, як глыбокую загойваючую рану любові, якой адзначаеш мяне. Ты так шчодра напоўніў мяне сваімі дарамі, а праз гэта адарыў мяне такім шчасцем, што мне, нават калі б давялося жыць тысячу гадоў без ніякага суцяшэння, унутранага або знешняга, дастаткова будзе памяці пра іх!»

Накіраваная на бясконцую лучнасць з Панам, яна завяршае сваё зямное жыццё 17 лістапада ў 1301 ці 1302 годзе ва ўзросце каля 46 гадоў.

У сёмым практыкаванні падрыхтоўкі да смерці святая Гертруда піша: «О, Езу, Ты неабсяжна дарагі мне, Ты заўсёды будзеш са мной, таму што маё сэрца застаецца з Табою і Твая любоў пастаянна са мной без ніякай магчымасці раздзялення, і Мой пераход няхай будзе благаслаўлёны Табою так, каб мой дух, вызвалены ад кайданоў плоці, мог адразу здабыць супакой у Табе».

«Здаецца відавочным, што гэтыя рэчы не толькі з мінулага, але, як гаворыцца, указваюць, што цэнтр шчаслівага жыцця, сапраўднага жыцця, — гэта сяброўства з Езусам. Гэтаму сяброўству мы вучымся ў любові да Святога Пісання, у любові да літургіі, у глыбокай веры, у любові да Марыі, каб спазнаць усё больш рэальна самога Бога і, такім чынам, — сапраўднае шчасце — мэту нашага жыцця».







All the contents on this site are copyrighted ©.