2010-10-04 14:18:31

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў малітвы за супакой


RealAudioMP3 «У цяжкія часы крызісу і канфліктаў, якія абвастрае глабалізацыя, рэлігіі павінны выконваць асаблівае пакліканне, каб служыць справе супакою і суіснавання», — піша Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ ад імя Бэнэдыкта ХVI у пасланні на Міжнародную малітоўную сустрэчу за мір, якая праходзіць у Барселоне. Яе арганізавала італьянская супольнасць святога Ідзія.

Па словах кардынала, «усе народы, калі хочуць жыць як сапраўдная супольнасць братоў і сясцёр, павінны стаць на супольны фундамент духоўных і этычных каштоўнасцяў». «Прызнаючы Бога крыніцай існавання чалавека, рэлігіі дапамагаюць усяму чалавецтву падтрымліваць годнасць кожнай чалавечай асобы», — дадае іерарх.

«З іншага боку, — чытаем у пасланні, — справа міру патрабуе ўдзелу кожнага веруючага. Гэтаму павінна служыць малітва, якая з’яўляецца ўрокам мовы супакою, умацоўвае яго Божы пасеў у чалавечых сэрцах і пераадольвае расавыя, культурныя і рэлігійныя падзелы. Няхай малітва дае сілу для распачацця шляхоў дыялога, які ў канчатковым выніку знішчыць непаразуменні і падзелы і дазволіць нам як братам і членам гэтай чалавечай сям’і працягваць будаваць „гарманічнае суіснаванне“».

Ініцыятыва кангрэсаў «Людзі і рэлігіі» нарадзілася пасля Міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі ў 1986 годзе, якая была склікана Янам Паўлам ІІ.

У сёлетняй сустрэчы ў Барселоне ўдзельнічае каля 3 тысяч асоб. Прысутнічае таксама дэлегацыя з Беларусі, якую ўзначальвае Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.







All the contents on this site are copyrighted ©.