Сваю павагу да душпастырскіх
ініцыятыў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія былі прысвечаны 300-годдзю кансэкрацыі
сучаснай архікатэдры ў Мінску, выразіў Святы Айцец у лісце да кардынала Юзафа Томка.
Бэнэдыкт XVI прызначыў славацкага іерарха сваім спецыяльным пасланнікам на юбілейныя
ўрачыстасці, якія адбудуцца 9 кастрычніка.
Папа звярнуў увагу на тое, што душпастыры
і вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святкуючы юбілей сваёй архікатэдры, паглыбляюць
веданне Божага Слова і звяртаюць увагу на дзейнасць Божага Провіду ў грамадстве. Дзякуючы
душпастырскім ініцыятывам усе жыхары рэгіёну могуць даведацца наколькі глыбокая сувязь
хрысціянства і гісторыі краіны.
Радасці і праблемы вернікаў Беларусі добра
вядомыя кардыналу Томка – нагадаў Святы Айцец у сваім лісце. Папа папрасіў прывітаць
Мітрапаліта Кандрусевіча, усё духавенства і вернікаў. Папскі легат павінен пераказаць
таксама выразы павагі свецкім уладам Беларусі і ўсім, хто адносіцца з паважаннем да
місіі Касцёла і рэлігійнай свабоды, а таксама тым, для каго важная сапраўдная годнасць
чалавечай асобы.