2010-09-26 12:32:48

“Толькі Любоў з вялікай літары дае праўдзівае шчасце”. Бэнэдыкт XVI да сабраных на малітве “Анёл Панскі”


RealAudioMP3 Пры ўдзеле вялікай колькасці пілігрымаў з усіх кантынентаў адбылася малітва “Анёл Панскі” у летняй рэзідэнцыі Святога Айца ў Кастэль Гандольфа. Перад ёй Пантыфік звярнуўся да сабраных са сваімі словамі:

Дарагія браты і сёстры!

У сённяшнім нядзельным Евангеллі (Лк 16, 19-31) Езус распавядае прыпавесць аб багатым чалавеку і бедным Лазары. Першы жыве ў раскошы і эгаізме, і калі памірае, трапляе ў пекла. Беднага, які еў абъедкі са стала багатага, пасля смерці анёлы нясуць ў вечнае прыстанішча Бога і святых. "Шчаслівыя ўбогія духам - сказаў Пан сваім вучням - бо вам належыць Валадарства Божае" (Лк 6, 20). Пасланне прыпавесці наступнае: трэба памятаць аб тым што, хоць мы жывём у гэтым свеце, павінны слухаць Пана, які кажа да нас праз Святое Пісанне і жыць па яго волі, бо пасля смерці будзе ўжо занадта позна, каб навярнуцца. Гэта прыпавесць закранае дзве рэчы: першае, што Бог любіць бедных і дае палёгку ў іх прыніжэннях і другое, што наш лёс у вечнасці вызначаецца нашай гатоўнасцю ісці па шляху Бога, які Ён вызначыў у нашым жыцці, і гэты шлях – любоў, якую не варта ўспрымаць як пачуццё, але як служэнне іншым ў любові Хрыста.

Па шчаслівай нагодзе, заўтра мы святкуем літургічны ўспамін святога Вінцэнта дэ Поль, апекуна каталіцкіх дабрачынных арганізацый, трохсотгадовую гадавіну смерці якога мы адзначаем сёлета. У Францыі 1600 года ён быў крануты рэзкім кантрастам паміж самымі багатымі і самымі беднымі. Як святар ён добра ведаў жыццё абодвух груп, арыстакратычных колаў і трушчоб Парыжа. Пад уплывам любові Хрыста Вінцэнт дэ Поль арганізаваў стабільныя структуры апекі над маргіналізаваных слаёў насельніцтва, што нарадзіла так званую "Charitées", "Міласэрнасць", г.зн. групу жанчын, якія аддавалі свой час і сваю маёмасць найбольш патрабуючым. Сярод гэтых добраахвотніц некаторыя вырашылі прысвяціць сябе цалкам Богу і бедным і, такім чынам, разам са святой Луізай дэ Марыяк святы Вінцэнт заснаваў «Дачок міласэрнасці», першую жаночую кангрэгацыю пакліканую жыць "у свеце ", сярод людзей, з хворымі і патрабуючымі.

Дарагія сябры, толькі Любоў з вялікай літары дае праўдзівае шчасце! Яна таксама паказвае яшчэ адну сведку, маладую дзяўчыну, якая была беатыфікавана ўчора ў Рыме. Я кажу пра К’яру Бадана, італьянскую дзяўчыну, якая нарадзілася ў 1971 годзе, і якую хвароба прывяла да смерці ва ўзросце менш чым 19 гадоў, але Яна была для ўсіх промнем святла, аб чым кажа яе псеўданім: "К'яра Лючэ". Яе парафія, дыяцэзія Акві Тэрмэ і рух "Факаляраў", да якога яна належала, сёння святкуюць. Гэта свята таксама для ўсіх маладых людзей, якія могуць знайсці ў ёй прыклад хрысціянскай цэласнасці. Яе апошнімі словамі, поўнымі згоды з воляй Божай, былі: "Мама, да пабачэння. Будзьце шчаслівыя, таму што я шчаслівая". Будзем дзякаваць Богу, таму што яго любоў мацней зла і смерці, дзякаваць Панне Марыі, якая дапамагае маладым людзям, таксама ў цяжкасцях і пакутах, палюбіць Езуса і адкрыць для сябе прыгажосць жыцця.







All the contents on this site are copyrighted ©.