2010-09-25 15:47:53

Сёння адбылася беатыфікацыя італьянкі К'яры Бадана


RealAudioMP3 На святую Імшу ў санктуарыі Madonna del Divino Amore на поўдні Рыма сабраліся прадстаўнікі руху «Факаляры» з розных краін свету. Абрад беатыфікацыі правёў прадстаўнік Папы арцыбіскуп Анжэло Амато, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Вечарам ў залі Паўла VI у Ватыкане адбудзецца канцэрт падзякі за беатыфікацыю. Будзе прадстаўлены спектакль "К'яра Бадано - жыццё і святло".

Заўтра, 26 верасня, раніцай ў папскай базыліцы Святога Паўла за Мурамі кардынал Тарчызіо Бэртонэ будзе цэлебраваць святую Імшу падзякі за паднясенне да хвалы алтароў К'яры Бадано.

Гэта італьянская дзяўчына памерла ва ўзросце 18 гадоў ад раку касцей. Яна пераносіла болі з усмешкай на вуснах і заўсёды казала: "Для цябе, Пане; калі Ты гэтага жадаеш, то і я жадаю”. Падчас абвастрэннем хваробы было неабходна рабіць ін'екцыі з марфія, але К'яра не пагадзілася з гэтым. "Я прыму любы боль з яснай свядомасцю, бо боль - адзінае, што мяне можа аб'яднаць з Езусам",- казала дзяўчына сваёй маці і шматлікім сябрам, якія яе ніколі не пакідалі.

К'яра вырасла ў пабожнай каталіцкай сям'і. У 9 гадовым узросце далучылася да руху «Gen (Новая генерацыя)" - другога пакалення руху Факаляраў. Пачала перапіску з Кьярай Любіч, заснавальніцай руху "Факаляраў". З дзяцінства несла дапамогу хворым, старым, дзецям у сваёй вёсцы, але асабліва клапацілася пра афрыканскіх дзяцей. Падчас хваробы не спыніла сваёй дзейнасці. Збірала падручнікі, цацкі, сродкі.

Пасля яе смерці ў 1990 годзе праект дапамогі дзецям Афрыкі ў яе імя працягваюць сябры. Так, у Беніне былі выкапаны калодзежы пітной вады, ў дыяцэзіі Катану пабудаваны дыспансер, а ў мясцовасці Богісан зараз вядзецца будаўніцтва комплексу з сямейных дамоў для пакінутых дзяцей, школьных памешканняў і капліцы. Гэта будзе першы касцёл, прысвечаны К'яры Бадана, прылічанай сёння да благаславёных.







All the contents on this site are copyrighted ©.