«Хрысціянская спадчына па-ранейшаму актыўная ў Вялікабрытаніі». Бэнэдыкт XVI на агульнай
аўдыенцыі
У Сераду, 22 верасня,
на плошчы Святога Пятра адбылася агульная аўдыенцыя з удзелам Святога Айца Бэнэдыкта
XVI. Падчас яе Папа звярнуўся са сваёй прамовай да вернікаў:
«Дарагія браты
і сёстры,
сёння хацеў бы расказаць вам пра мой апостальскі візіт ў Вялікабрытанію,
які Бог дазволіў мне здзейсніць у апошнія дні. Гэта быў афіцыйны візіт і ў той жа
час пілігрымка ў сэрца гісторыі народа з багатай культурай і верай. Гэта была гістарычная
падзея, якая намеціла новы важны этап у доўгай і складанай гісторыі адносінаў паміж
Вялікабрытаніяй і Святым Пасадам. Асноўнай мэтай візіту было абвяшчэнне благаслаўлёным
кардынала Джона Генры Ньюмана, адной з найвялікшых англійскіх постацей апошніх часоў,
выдатнага тэолага і чалавека Касцёла. І сапраўды, цырымонія беатыфікацыі стала цэнтрам
гэтага апостальскага падарожжа, тэма якога была ўзята з кардынальскага дэвіза благаслаўлёнага
Ньюмана: «Сэрца прамаўляе да сэрца». На працягу чатырох інтэнсіўных і прыгожых дзён,
праведзеных на гэтай высакароднай зямлі, я меў вялікую радасць гаварыць з жыхарамі
Вялікабрытаніі і яны, у сваю чаргу, праз сваю прысутнасць давалі сведчанне сваёй веры.
Я мог бачыць, як хрысціянская спадчына па-ранейшаму актыўная ў кожным са слаёў грамадства.
Сэрцы англічанінаў і іх жыццё — адкрытыя на Бога. Шматлікімі таксама з’яўляюцца праявы
іх рэлігійнасці, якім мой візіт надаў яшчэ большую моц.
Першая сустрэча адбылася
ў Эдынбургу з Яе Вялікасцю Каралеваю Елізаветай ІІ, якая разам са сваім мужам, Прынцам
Эдынбургскім, сустрэлі мяне вельмі цёпла ад імя ўсіх брытанцаў. Гэта была вельмі цёплая
сустрэча, у часе якой мы абмеркавалі глыбокую занепакоенасць узроўнем дабрабыту народаў
свету і роляй хрысціянскіх каштоўнасцяў у жыцці грамадства. У гістарычнай сталіцы
Шатландыі я мог захапляцца прыгажосцю мастацтва, багатага традыцыямі і глыбокімі хрысціянскімі
каранямі. Аб гэтым я сказаў у сваёй прамове да Яе Вялікасці і ўладаў краіны, нагадаўшы,
што хрысціянскае пасланне стала неад’емнай часткай мовы, мыслення і культуры народаў
гэтых астравоў. Я таксама гаварыў пра ролю, якую Вялікабрытанія мела і надалей мае
на міжнароднай арэне, адзначыўшы важныя меры, прынятыя дзеля справядлівага і трывалага
міру ў Паўночнай Ірландыі.
Брацкі візіт да арцыбіскупа Кентэрберыйскага стаў
нагодай, каб пацвердзіць наш супольны ўдзел у справе хрысціянскага паслання, якое
звязвае католікаў і англіканаў.
Затым наступіла адна з самых яркіх падзей апостальскага
візіту: сустрэча ў вялікай зале Брытанскага Парламента з палітыкамі, дыпламатамі,
навукоўцамі, духоўнымі асобамі і прадстаўнікамі культуры. У гэтым прэстыжным месцы
я падкрэсліў, што рэлігія не павінна быць праблемай у жыцці грамадства, але фактарам,
які ўносіць уклад у гістарычны працэс і публічнае жыццё народа, асабліва ў адносінах
да жыццёва важных асноў этычнага выбару ў розных сектарах грамадскага жыцця.
Як
я ўжо сказаў, галоўным пунктам майго візіту ў Вялікабрытанію была беатыфікацыя кардынала
Джона Генры Ньюмана, выдатнага сына гэтай зямлі. Ёй папярэднічала спецыяльная вячэрняя
малітва, якая адбылася ў суботу вечарам, 18 верасня, у Лондане, у Гайдпарку. Шматлікім
вернікам, асабліва моладзі, я нагадаў светлую постаць кардынала Ньюмана, інтэлектуала
і веруючага, духоўнае пасланне якога можа заключацца ў сведчанні таго, што душа не
замыкаецца на сваім «я», але павінна быць адкрытай, звернутай і паслухмянай Таму,
які ёсць Дарогай, Праўдай і Жыццём. Беатыфікацыйная цырымонія адбылася ў Бірмінгеме
ў прысутнасці шматлікіх вернікаў з усёй Вялікабрытаніі і Ірландыі, а таксама прадстаўнікоў
многіх іншых краін. Гэтая хвалюючая падзея яшчэ больш паказала кардынала Ньюмана як
выдатнага вучонага, пісьменніка і паэта, мудрага Божага чалавека, думка якога асвяціла
многія душы і яшчэ сёння праяўляе надзвычайнае зачараванне. Ён з’яўляецца натхненнем
для вернікаў і рэлігійных супольнасцяў Вялікабрытаніі, таму што нават сёння гэта высакародная
зямля працягвае прыносіць шчодрыя плёны евангельскага жыцця.
Я таксама імкнуўся
прамаўляць да сэрцаў усіх жыхароў Вялікабрытаніі, без выключэння, аб сапраўднай рэальнасці
чалавека, аб яго глыбокіх патрэбах і яго канчатковым прызначэнні. Гэта апостальскае
падарожжа пацвердзіла ўва мне глыбокае перакананне ў тым, што старажытныя хрысціянскія
народы Еўропы маюць хрысціянскую душу, якая з’яўляецца геніем і гісторыяй народаў,
і Касцёл не перастае безупынна працаваць, каб зберагчы гэтыя духоўныя і культурныя
традыцыі.
Благаслаўлёны Джон Генры Ньюман, постаць і дзейнасць якога надалей
застаюцца актуальнымі, заслугоўвае таго, каб быць усім вядомым. Няхай Ён падтрымлівае
намеры і намаганні хрысціян у „распаўсюджванні водару Хрыста“, каб усё іх жыццё было
„адлюстраваннем жыцця кардынала Нюмана“, як ён пісаў у сваёй кнізе: „адлюстроўваць
Хрыста“.
Пасля сваёй галоўнай катэхезы Святы Айцец нагадаў аб адмысловым мерапрыемстве,
якое праходзіць цяпер у аўстрыйскай Вене:
«На гэтым тыдні ў Вене (Аўтрыя) праходзіць
пленарнае пасяджэнне Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім
Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Тэма дадзенай працоўнай сустрэчы датычыць ролі Біскупа
Рыма ў адзінстве Сусветнага Касцёла, з асаблівым аднясеннем да першых стагоддзяў хрысціянства.
Паслухмянасць волі Езуса Хрыста і разгляд асноўных выклікаў, перад якімі стаіць сёння
хрысціянства, абавязваюць нас сур’ёзна далучыцца да справы аднаўлення поўнага адзінства
паміж Касцёламі. Заклікаю ўсіх да інтэнсіўнай малітвы ў інтэнцыі працы камісіі і пастаяннага
развіцця і ўмацоўвання міру і згоды паміж ахрышчанымі, каб мы змаглі даць свету больш
сапраўднага сведчання Евангелля».
На заканчэнне аўдыенцыі Папа прывітаў пілігрымаў,
сярод якіх былі таксама вернікі з Польшчы і Украіны.
Затым Святы Айцец удзяліў
усім сваё Апостальскае благаслаўленне.