2010-09-20 10:42:02

Папа адчувае ўдзячнасць і радасць ад сваго візіту ў Вялікабрытанію


RealAudioMP3 Сустрэча з каралевай Елізаветай ІІ, святыя Імшы з удзелам дзесяткаў тысяч вернікаў у Глазго, Лондане і Бірмінгеме, дзе Папа беатыфікаваў кардынала Джона Генры Ньюмана, міжрэлігійныя, экуменічныя, дзяржаўныя сустрэчы, спатканні з моладдзю — гэта найважнейшыя пункты 17 замежнага візіту Бэнэдыкта XVI. Дэвізам падарожжа, якое адбывалася з 16 па 19 верасня, былі словы благаслаўлёнага кардынала Джона Генры Ньюмана: «Сэрца гаворыць да сэрца».

Святы Айцец наведаў чатыры гарады ў Шатландыі і Англіі: Эдынбург, Глазго, Лондан і Бірмінгем. Большасць англійскіх СМІ падкрэслівае, што гэты візіт стаў гістарычным не толькі таму, што кіраўнік Каталіцкага Касцёла ўпершыню прыбыў у Англію па запрашэнні каралевы і дзяржаўных уладаў, а перш за ўсё з-за таго паслання, якое пакінуў тут папа Бэнэдыкт XVI. Гэты візіт змяніў вобраз Святога Айца і Каталіцкага Касцёла ў вачах брытанцаў. Замест сур’ёзнага Папы яны ўбачылі сціплага і прыязнага чалавека. Бэнэдыкт XVI заслужыў тут прызнанне і павагу.

Адным з галоўных матываў падарожжа Папы было пытанне адносна месца рэлігіі ў ліберальным, плюралістычным грамадстве. На радзіме лібералізму Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на ўрок, які даў атэістычны экстрэмізм XX стагоддзя і перасцярог перад выключэннем Бога, рэлігіі і цнотаў з публічнага жыцця. Пантыфік заклікаў брытанцаў да пашаны традыцыйных каштоўнасцей і звярнуў увагу на небяспечнасць найбольш агрэсіўных форм секулярызму. Святы Айцец казаў не толькі аб месцы рэлігіі ў грамадстве, але і нагадаў брытанцам аб іх хрысціянскіх каранях.

Падчас пілігрымкі Папа паказаў наколькі несправядлівым з’яўляецца меркаванне аб тым тым, што ён не шмат зрабіў у барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. Востра крытыкуючы педафілію, Бэнэдыкт XVI не абмежаваўся толькі словамі, але сустрэўся з ахвярамі злоўжыванняў.

З вялікай увагай грамадства сачыла за экуменічнымі і міжрэлігійнымі сустрэчамі Святога Айца. Яны былі важнымі перш за ўсё для брытанскіх католікаў і англіканаў, якія стаяць перад праблемай, як захаваць месца рэлігіі ў публічным жыцці ў часе беспрэцэдэнтнага ўціску з боку секулярызму.

Кульмінацыяй паскага візіту на Брытанскія Астравы стала беатыфікацыя кардынала Джона Генры Ньюмана, тэолага і філосафа, канвертыта з англіканства. Гэта была першая беатыфікацыйная ўрачыстасць, якую Папа правёў асабіста ад пачатку свайго Пантыфікату.

Адносна ўражанняў Папы ад візіту ў Вялікабрытанію паведаміў ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі SI, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы, адзначыўшы, што Пантыфік адчувае ўдзячнасць і радасць ад сваго знаходжання ў Англіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.