2010-09-19 18:19:10

Зварот Святога Айца да біскупаў Англіі, Уэльса і Шатландыі (поўны тэкст прамовы)


“Шаноўныя браты ў біскупстве,

гэта дзень вялікай радасці для ўсяе каталіцкай супольнасці на гэтых астравах. Блаславёны Джон Генры Ньюман, якога ўжо так можам называць, быў узняты да гонару алтара дзеля свайго прыкладу гераічнай вернасці Евангеллю і абароны Касцёла на гэтых землях, якія ён любіў і якім так добра служыў. Менавіта тут, у гэтай капліцы ў 1852 годзе ён узняў голас ад каталіцкай супольнасці ў новай упэўненасці і яе жыццёвай сіле ў Англіі і Уэлсе пасля аднаўлення іерархіі, і яго словы праз 25 гадоў былі падхопленыя таксама ў Шатландыі. Яго сённяшняя беатыфікацыя з'яўляецца напамінам пра тое, што дзеянне Святога Духа пастаянна распасцірае дар святасці на ўсіх жыхароў Вялікабрытаніі, так што з усходу да захаду, з поўначы да поўдня ўзнімаецца дасканалая хвала і падзяка на славу Божага імя.

Дзякую кардыналу О'Браяну і арцыбіскупу Нікалсу за іх словы, -працягваў Папа,- і пры гэтым думаю, як не шмат прайшло часу, калі вітаў усіх вас у Рыме, калі вы прабывалі з візітам ad Limina з вашымі Біскупскімі Канферэнцыямі. Пры гэтай нагодзе мы гаварылі аб некаторых праблемах ў вашым служэнні як кіраўнікоў вернікаў, у прыватнасці, аб настойлівай неабходнасці зноў прапаведаваць Евангелле ў атмасферы моцнай сэкулярызацыі.

Падчас майго візіту мне стала зразумела,- сказаў Бэнэдыкт XVI,- як глыбокае між вялікабрытанцамі прагненне Добрай весткі Езуса Хрыста. Вы былі абраны Богам, каб даваць ім жывую ваду Евангелля, натхняючы іх і заклікаючы не пагружацца ў марныя ілюзіі гэтага свету, але мець трывалую надзею ў жыцці будучага свету. Абвяшчаючы прыйсце Божага Валадарства, з яго абяцаннем надзеі для бедных і абяздоленых, хворых і старых, ненароджаных і пакінутых людзей, рабіце ўсё магчымае, каб поўна несці жыццядайнае пасланне Евангелля, з улікам тых меркаванняў, якія кідаюць выклік шырока распаўсюджаным перакананням сучаснай культуры. Як вы ведаеце, нядаўна была заснаваная Папская рада па новай евангелізацыі краін з даўняй хрысціянскай традыцыяй, і я б раіў вам карыстацца яе паслугамі для вырашэння задач, якія стаяць перад вамі. Акрамя таго, многія новыя касцёльныя рухі маюць асаблівую харызму евангелізацыі, і я ўпэўнены, што вы будзеце ў адпаведны і эфектыўны спосаб прыцягваць іх для ажыццяўлення місіі Касцёла.

Пасля вашага візіту ў Рым, палітычныя намаганні ў Злучаным Каралеўстве былі сканцэнтраваны на наступствах фінансавага крызісу, які выклікаў столькі цяжкасцяў для многіх людзей і сем'яў. Прывід беспрацоўя распаўсюджвае свой цень на жыццё шматлікіх людзей. Гэта доўгатэгміновая плата за дрэнныя інвестыцыі. Пры такіх абставінах, існуе неабходнасць зноў звярнуцца да характэрнай шчодрасці брытанскіх католікоў, і я ўпэўнены, вы будзеце першымі адказваць на заклік да салідарнасці з тымі, хто мае патрэбу. Прарочы голас хрысціянаў адыграе важную ролю ў тым, каб яскрава паказваць патрэбы бедных і абяздоленых людзей, аб якіх так лёгка забываюцца пры размеркаванні абмежаваных рэсурсаў. У дакуменце “Выбар агульнага дабра” біскупы Англіі і Уэльсу падкрэслілі важнасць ажыццяўлення цнатлівасці ў грамадскім жыцці. Цяперашнія ўмовы забяспечваюць добрую магчымасць падмацаваць гэтае паведамленне і, вядома, заахвоціць людзей імкнуцца да больш высокіх маральных каштоўнасцяў ва ўсіх сферах іх жыцця, каб маглі супрацьставіцца ўзрастанню цынізму.

Іншым пытаннем, якое прыцягае вялікую ўвагу ў апошнія месяцы і сур'ёзна падрывае маральны аўтарытэт рэлігійных лідэраў, ганебны здзек над падлеткамі і маладымі людзьмі з боку святароў і манахаў. Пры многіх нагодах я казаў пра глыбокія раны, нанесеныя гэтай праблемай, ў першую чаргу ахвярам, але таксама і даверлівым адносінам, якія павінны існаваць паміж святарамі і людзьмі, паміж святарамі і іх біскупамі, а таксама паміж Касцёльнымі уладамі і народам. Я добра ведаю, вы зрабілі вельмі сур'ёзныя крокі, каб выправіць гэтую сітуацыю, каб моладзь была моцна абаронена ад любых пагрозаў, а таксама каб адпаведным празрыстым чынам ўспрымаць абвінавачванні, калі яны ўзнікаюць. Вы публічна выказалі ваш глыбокі смутак з таго, што адбылося і з так часта неадэкватных у мінулым спробаў вырашыць гэтую праблему. Ваша растучае разуменне маштабаў жорсткага абыходжання з дзецьмі ў грамадстве, іх разбуральных наступстваў, а таксама неабходнасці забяспечыць адэкватную падтрымку пацярпелым, павінны служыць стымулам, каб падзяліцца з усім грамадствам тымі урокамі, якія вы атрымалі.

На самой справе, якою можа быць дарога да лепшага, як не загойванне гэтых грахоў ў пакорлівым духу спачування, з гатоўнасцю наблізіцца з дапамогай да дзяцей, якія таксама і звонку пакутуюць ад падобных злачынстваў? Наш абавязак клапату аб моладзі патрабуе якраз гэтага, і ніяк не інакш.

Разважаючы пра чалавечую слабасць, якую гэтыя трагічныя падзеі нам так жорстка паказваюць, мы павінны памятаць аб тым, што, каб быць сапраўднымі хрысціянскімі лідэрамі, мы павінны жыць вышэйшай сумленнасцю, сціпласцю і святасцю. Як аднойчы напісаў: благаслаўлёны Джон Генры Ньюман: "Дай нам Бог сьвятароў, здольных прызнаць сваю слабасць грэшнікаў, і каб народ мог ім спачуваць, любіць і маліцца за іх узрастанне ва ўсялякай добрай справе праз дар Ласкі" (гамілія, 22 сакавіка 1829. 191).

Я малюся, каб дзякуючы гэтаму візіту аднавілася між іншым прыхільнасць хрысціянскіх лідэраў да прарочага паклікання, якое яны атрымалі, і народ аднавіў павагу да вялікага дару святарскага служэння. Так натуральна прыйшла да слова малітва за пакліканні, бо мы маем давер: Пан пачуе і накіруе працаўнікоў жніва збіраць багаты ўраджай (Мц 9, 37-38) на ўсім абшары Злучанага Каралеўства.

У гэтай сувязі я рады магчымасці сустрэцца ў хуткім часе з семінарыстамі Англіі, Шатландыі і Уэльса, каб запэўніць іх у маіх малітвах за іх, каб рыхтаваліся рабіць свой унёсак у збор гэтага багатага ўраджаю.

Нарэшце, я хацеў бы закрануць два канкрэтныя пытанні, якія датычаць Вашага сучаснага біскупскага служэння. Адным з іх з'яўляецца нядаўняя публікацыя новага перакладу Імшала. У гэтай сувязі хацеў бы падзякаваць вам усім за ўклад, з якім так старанна, сумесна і дакладна ажыццявілася праверка і зацвярджэнне дакументаў. Гэта дала вялікую паслугу католікам усяго англамоўнага свету. Я заклікаю вас карыстацца магчымасцю, якую гэты новы пераклад прапануе, для паглыблення катэхезы аб Эўхарыстыі і для аднаўлення пабожнасці з якой Яна павінна цэлебравацца.

"Чым жывей Эўхарыстычная вера Божага народу, тым глыбей яго ўдзел ў касцёльным жыцці, якое Хрыстус даручыў сваім вучням" (Sacramentum Caritatis, 6). Яшчэ адзін момант, які я закранаў у лютым з біскупамі Англіі і Уэльсу, калі прасіў быць шчодрымі ў ажыццяўленні Апостальскай Канстытуцыі Anglicanorum coetibus. Гэта варта разглядаць як прарочае дзеянне, якое можа ўнесці пазітыўны ўклад у развіццё адносінаў паміж англіканамі і католікамі. Гэты дакумент дапамагае нам узняць наш позірк на канчатковую мэту ўсёй экуменічнай дзейнасці: аднаўленне поўнай хрысціянскай еднасці, унутры якой праходзіць ўзаемны абмен дарамі нашых досведаў, які служыць духоўнаму ўзбагачэнню ўсіх. Будзем працягваць маліцца і нястомна працаваць, каб паскорыць шчаслівы дзень, калі гэтая мэта можа быць асягнута.

З гэтымі пачуццямі я сардэчна дзякую вам за гасціннасць апошніх чатырох дзён. Давяраючы вас і народ, якому служыце, заступніцтву святога Андрэя, святога Давіда, святога Георгія, я з задавальненнем даю: вам, духавенству, законнікам і законніцам, свецкім Англіі, Шатландыі і Уэльса сваё апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.