2010-09-12 12:43:52

«Пакаянне — гэта мера веры». Папа Бэнэдыкт XVI да пілігрымаў у Кастэль Гандольфа


RealAudioMP3 Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сваёй прамовы перад малітвай «Анёл Панскі» звярнуўся да тэксту нядзельнага Евангелля, у якім закранаецца тэма міласэрнасці і навяртання.

«Дарагія браты і сёстры! — сказаў Пантыфік. — У нядзельным Евангеллі, у 15 разделе Лукі, Езус распавядае тры „прыпавесці аб міласэрнасці“. Калі Ён „кажа пра пастуха, які ідзе за згубленай авечкай, пра жанчыну, якая шукае згубленую драхму, пра бацьку, які выходзіць на сустрэчу з марнатраўным сынам і бярэ яго ў абдымкі, гэта не з’яўляецца толькі словамі: яны прадстаўляюць сабой тлумачэнне быцця і дзейнасці Езуса» (Deus caritas est, 12).

Сапраўды, пастыр, які шукае згубленую авечку, — гэта Пан, які бярэ на сябе крыж, грахі чалавецтва, каб іх знішчыць. Блудны сын з трэцяй прыпавесці — гэта малады чалавек, які атрымаў спадчыну свайго бацькі, «пайшоў у далёкую краіну, дзе растраціў сваю маёмасць, жывучы распутна» (пар. Лк 15, 13). Апынуўшыся ў беднасці, вымушаны быў працаваць, як раб, згадзіўшыся нават на ежу, якую ядуць жывёлы.

«Тады, — кажа Евангелле пра марнатраўнага сына, — ён апамятаўся» (пар. Лк 15, 17). «Са словаў, якія папярэднічаюць яго вяртанню, дазваляюць нам зразумець, якая глыбокая ўнутраная перамена адбылася ў ім ... Ён вяртаецца «дадому», «да сябе самога і да свайго бацькі» (Бэнэдыкт XVI, Езус з Назарэта, Мілан 2007, стар. 242–243). «Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам» (Лк 15.18–19).

Благаслаўлёны Аўгустын піша: «Вось Слова само заклікае вярнуцца. У Ім ёсць месца цудоўнага адпачынку, які нішто не парушыць» (Споведзь, IV, 11, 16). «Калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны, і зжаліўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго (пар. Лк 15, 20), і поўныя радасці пачалі святкаваць.

Дарагія сябры, як мы можам не адкрыць з упэненасцю нашыя сэрцы на тое, што, нягледзячы на нашу грэшнасць, Бог нас любіць? Ён не стамляецца, ідзе нам на сустрач, заўсёды выходзячы першым на дарогу, якая аддзяляе нас ад Яго. Кніга Зыходу паказвае нам, як, дзякуючы ўпэўненай і смелай просьбе Майсея, Бог, калі можна так сказаць, перайшоў ад трону справядлівасці да трону міласэрнасці (пар. Зых 32, 7–11. 13–14). Пакаянне — гэта мера веры і дзякуючы яму мы можам вярнуцца да ісціны. Апостал Павел піша: «Мне была дадзена міласэрнасць, таму што я дзейнічаў у несвядомасці, далёка ад веры» (1 Цім 1,13).

Вяртаючыся да прыпавесці пра сына, які ідзе «дадому», мы бачым, што старэйшы сын збянтэжаны святочным прыёмам, які аказаны яго брату. Бацька ж ідзе да старэйшага сына і просіць яго: «Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё» (Лк 15, 31). Толькі вера можа ператварыць эгаізм у радасць і аднавіць добрыя адносіны з бліжнімі і Богам. «Цешыцца і весяліцца трэба таму, — кажа бацька, — што гэты брат твой... прапаў і знайшоўся» (пар. Лк 15, 32).

«Дарагія браты, у наступны чацвер я накіруюся ў Вялікабрытанію, дзе абвяшчу благаслаўлёным кардынала Джона Генры Ньюмана. Я прашу ўсіх вас злучыцца са мной у малітве падчас гэтага апостальскага падарожжа. Дзеве Марыі, чыё святое Імя адзначаецца сёння Касцёлам, давяраю шляхі навяртання да Бога», — адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.