2010-09-08 15:52:26

Папа да пілігрымаў з Гродна: "З усяго сэрца вас благаслаўляю"


RealAudioMP3 Аўдыенцыя адбылася ў зале Паўла VI, куды прыбылі шматлікія вернікі з розных куткоў свету. Сярод іх была група 45 семінарыстаў і выкладчыкаў з гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Гэтая пілігрымка з'яўляецца падзякай за 20 гадоў існавання семінарыі і тыя плёны, якія прынесла яе дзейнасць.


У сваёй сённяшняй катэхезе Святы Айцец працягваў разважанні аб святой Гільдэгардзе з Бінген. Нагадаў яе багатыя па змесце містычныя бачанні, запісы аб якіх засталіся ў кнігах. «З дзяцінства будучая святая зведвала прысутнасць унутранага святла, якое было крыніцай яе тэалагічных ведаў і прароцкага пасланніцтва. Бачанні, якія датычаць галоўных здарэнняў гісторыі збаўлення, апісвае яна моваю сімвалаў, паэзіі і алегорыі», — сказаў далей Папа ў сваёй сённяшняй катэхэзе. У найбольш вядомым творы «Scivias», што значыць «Пазнай дарогі Пана», святая Гільдэгарда апісвае сваё бачанне здарэнняў ад стварэння свету аж да канца часоў. Яна пісала аб будучыні Касцёла і аб таямніцы містычных сувязяў Бога з чалавекам, які нарадзіўся дзякуючы ўцелаўленню Божага Сына.


«У апакаліптычных пісьмах, святая Гільдэгарда паказвае, — дадаў Бэнэдыкт ХVI, — касмічную драму барацьбы дабра са злом; бачанне космасу і чалавека ў святле Божага Аб’яўлення; асобу Хрыста, які надае сэнс усяму стварэнню. Вядомымі з’яўляюцца таксама яе пісьмы аб медыцыне і фармакалогіі; паэтычныя і музычныя творы, якія былі распаўсюджаны законнымі супольнасцямі». «Яна была асобаю вельмі вядомай і папулярнай. За парадай і навучаннем да яе звярталіся прадстаўнікі розных законых супольнасцяў, духоўныя і свецкія асобы», — адзначыў на заканчэнне сваёй катахэзы Святы Айцец.


Святая Гільдэгарда прымала актыўны ўдзел у маральным аднаўленні духавенства, звярталася з прамовамі да святароў, манаскіх супольнасцей і звычайнага народу. Вяла карэспандэнцыю з Рымскім Папам, імператарам, біскупамі і тэолагамі. Гільдэгарда з’яўляецца прыкладам святых і адважных жанчын, якія, дзякуючы Божаму дару, прычыняюцца да духоўнага ўзросту Касцёла.


Падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прывітаў навучэнцаў і прафесараў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прыбылі яны ў Вечны горад з нагоды 20–й гадавіны сваёй навучальнай установы. Разам з імі прыехаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.


«Вітаю прафесараў і алюмнаў Духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія тут, у Рыме, адзначаюць дваццатую гадавіну яе існавання, — звярнуўся да прысутных Пантыфік. — Няхай гэтую семінарыю і ўсіх тут прысутных падтрымлівае заступніцтва Дзевы Марыі, нараджэнне якой сёння адзначаем. Ад усяго сэрца вас благаслаўляю».


3 верасня 2010 г. з Гродна ў пілігрымку ў Італію выехала група навучэнцаў і святароў. На працягу 9 дзён пілігрымы наведаюць базыліку св. Марка ў Венецыі, магілу св. Антонія ў Падуі, санктуарый св. Францішка і св. Клары ў Асізі, чатыры галоўныя базылікі ў Рыме, базыліку Ружанцовай Божай Маці ў Пампеі, магілу св. айца Піо і іншыя мясціны.







All the contents on this site are copyrighted ©.