2010-09-08 10:37:32

Папа Бэнэдыкт ХVI прысутнічаў на выкананні «Requiem» Моцарта.


Канцэрт адбыўся вечарам 7 верасня ў летняй рэзідэнцыі Папы у Кастэль Гандольфа. Выканаўцамі твора Моцарта былі аркестры з Падуі, Венета і хор з Турына (Італія).
На выключны геній Вольфганга Амадэя Моцарта звяртае ўвагу ў чарговым нумары штотыднёвіка Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» музычны крытык Марчэлла Філатэі. Ён згадвае прычыны смерці Моцарта, звяртаючыся да вядомага фільма Мілаша Формана «Амадэй». Крытык падкрэслівае геній кампазітара з Вены.

З прычыны смерці Моцарта яго апошні твор «Requiem» па просьбе жонкі кампазітара дапісалі знаёмыя памерлага, Ёзаф Айблер і Франц Ксавер Зюсмайер. Па словах аўтара штотыднёвіка, твор з даўніх часоў агорнуты аўрай містыцызму, аднак яго сапраўднай таямніцай з’яўляецца тое, што «чалавек, які знаходзіўся на ложы смерці, быў у стане з поўнай яснасцю здзейсніць дасканалы сінтэз даўніх традыцый сакральнай музыкі, барокавых фігур і выразнай опернай інспірацыі». «У „Requiem“ Моцарту ўдалося найперш перадаць свае найглыбейшыя пачуцці, якія адкрываюць шлях рамантычнай паэзіі», — адзначае крытык.







All the contents on this site are copyrighted ©.