2010-09-05 12:33:59

«Кожны чалавек пакліканы нанава адкрываць сэнс жыцця». Бэнэдыкт XVI да вернікаў перад малітвай «Анёл Панскі»


RealAudioMP3 У сваім звароце да вернікаў, сабраных на нядзельнай малітве «Анёл Панскі» у Кастэль Гандольфа, Бэнэдыкт XVI вярнуўся да тэмы свайго паслання на 26-ты Сусветны дзень моладзі.

«У сапраўднасці я сам, на падставе асабістага вопыту і кантактаў, якія падтрымліваю з моладдзю, ведаю, што кожны чалавек пакліканы нанава адкрываць сэнс жыцця, — адзначыў Пантыфік. — Менавіта таму я хацеў прапанаваць пасланне якое, згодна з біблейскім стылем, прыводзіць вобразы дрэва і дома. Малады чалавек чымсьці падобны да дрэва: каб добра развівацца, яму патрэбны глыбокія карані, якія нават пад віхурам утрымліваюць яго. Падобны да гэтага і вобраз дома, які будуецца і мае патрэбу ў моцным фундаменце, каб быць трывалым і бяспечным»

«А вось сэрца майго Паслання: яно знаходзіцца ў выразах „у Хрысце“ і „ў веры“. «Поўная сталасць асобы, яе ўнутраная стабільнасць мае свой фундамент у адносінах з Богам, адносінах, якія магчымы праз сустрэчу з Езусам Хрыстом. Гэтыя адносіны, заснаваныя на глыбокім даверы, сапраўднай любові да Езуса, здольныя прынесці маладому чалавеку тое, чаго ён найбольш патрабуе, каб правільна падысці да жыцця: унутраны спакой і святло, навык пазітыўнага мыслення, велікадушнасць у адносінах да іншых, гатоўнасць да асабістага ахвяравання дзеля дабра, справядлівасць і праўду», — падкрэсліў Святы Айцец.

«І апошні, але вельмі важны аспект: каб стаць вернікам, малады чалавек павінен чэрпаць з веры Касцёла; калі кожны чалавек — не самотная выспа, тым больш ёю не з’яўляецца хрысціянін, які адкрывае ў Касцёле хараство веры, якую падзяляе і сведчыць разам з іншымі ў братэрстве і служэнні любові», — дадаў на заканчэнне свайго звароту Бэнэдыкт XVI.
 Падчас малітвы «Анёл Панскі» ў Кастэль Гандольфа быў прысутны біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.