2010-09-03 11:35:11

Апублікавана пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 26-ты Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў Мадрыдзе


RealAudioMP3 У сваім пасланні на 26-ты Сусветны дзень моладзі Святы Айцец кажа аб тым, што ва ўсе часы, а асабліва сёння многія маладыя людзі маюць моцнае жаданне будаваць свае адносіны з іншымі на падмурку праўды і салідарнасці. Многія жадаюць спазнаць сапраўднае сяброўства, каб на ім пазней будаваць каханне і сям’ю, каб разам з другой асобай дасягнуць асабістай стабільнасці, якая можа забяспечыць мірную і шчаслівую будучыню.

«Узгадваючы сваю маладосць, — піша Папа, — я разумею, што стабільнасць і бяспека не з’яўляюцца пытаннямі, над якімі задумваецца большасць маладых людзей. Так, пытанне працаўладкавання, каб мець цвёрдую глебу пад нагамі, вялікія надзённыя праблемы турбуюць сённяшнюю моладзь, але ў той жа час маладосць — гэта той узрост, калі чалавек знаходзіцца ў пошуках вялікага жыцця. Калі я думаю пра той час, узгадваю нашае жаданне нечага вялікага і новага. Мы хацелі знайсці само жыццё ў яго прасторы і прыгажосці».

У сваім пасланні Бэнэдыкт XVI прапануе маладым людзям вырушыць у падарожжа веры ў Бога, Айца нашага Пана Езуса Хрыста. «Вы — будучае грамадства і Касцёла! — чытаем у пасланні Пантыфіка. — Як апостал Павел пісаў да хрысціянаў у горадзе Калос, неабходна мець карані і цвёрды фундамент! Гэта асабліва актуальна сёння, калі многія не маюць стабільных арыенціраў, з дапамогай якіх маглі б будаваць сваё жыццё».

«Дарагія сябры, — працягвае Святы Айцец, — я зноў запрашаю вас прыехаць на Сусветны дзень моладзі ў Мадрыд. З глыбокай радасцю я чакаю кожнага з вас асабіста: Хрыстус хоча, каб вы былі цвёрдыя ў веры праз Касцёл. Выбраць веру ў Хрыста і ісці за Ім — нялёгка, бо перашкаджаюць нашыя здрады і шматлікія галасы, якія кіруюць на лёгкі шлях».

«Дарагая моладзь, Касцёл разлічвае на вас! — падрэслівае Бэнэдыкт XVI напрыканцы свайго паслання. — Яму неабходна ваша жывая вера, творчая любоў і дынамізм надзеі. Ваша прысутнасць у Касцёле адраджае яго і надае яму новы імпульс. Таму Сусветны дзень моладзі — гэта ласка не толькі для вас, але і для ўсяго Народу Божага».

Сустрэча ў Мадрыдзе адбудзецца 15–21 жніўня наступнага года. Аб сваім удзеле ў ім заявілі ўжо каля 600 тысяч маладых людзей з усяго свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.