2010-09-02 10:57:49

Прадстаўнікі Беларусі прымаюць удзел у кангрэсе «Рэнавабіс»


У нямецкім Фрайзінгу 2 верасня 2010 г. распачаўся XIV Кангрэс каталіцкага дабрачыннага фонду «Рэнавабіс». Тэма сёлетняга форуму — «Быць адказным за стварэнне. Экалагічныя выклікі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе». У ім прымаюць удзел прадстаўнікі Украіны, Аўстрыі, Германіі, Албаніі і Беларусі.

На думку арганізатараў кангрэса, экалагічныя праблемы нельга абмежаваць да канкрэтнага рэгіёну ці краіны, яны маюць універсальны характар. Забруджванне вады, неабмежаваная вырубка лесу, праблемы з атамнымі электрастанцыямі — пытанні, якія павінны непакоіць грамадства. Важна не замоўчваць гэта, а весці глабальную дыскусію на тэму ролі канкрэтнага чалавека і рэлігійных супольнасцяў у абароне стварэння. Падчас форуму будуць прачытаны шматлікія даклады, адбудуцца дыскусіі ў працоўных групах.

З дакладам на тэму «Захаванне стварэння, памнажэнне супакою: абавязак і выклік для хрысціянаў» выступіць старшыня Папскай рады справядлівасці і супакою кардынал Пітэр Тарксан.

Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Рэнавабіс» — гэта адзін з самых маладых каталіцкіх праектаў Еўропы. Нарадзіўся ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў. Штогод «Рэнавабіс» арганізуе кангрэсы, якія збіраюць сотні ўдзельнікаў, каб абмеркаваць пытанні адзінства і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі. У чэрвені быў прызначаны новы дырэктар фонду «Рэнавабіс», правінцыял нямецкіх езуітаў кс. Стэфан Дартман SI.

«Рэнавабіс» ад пачатку свайго існавання да сённяшніх дзён робіць вялікі духоўны і матэрыяльны ўклад у адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.