2010-08-17 17:26:44

14 жніўня ў супольнасці Ордэна Братоў Меншых распачаўся год св. Максімільяна Кольбэ


14 жніўня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Максімільяна Кольбэ, святара і мучаніка. Асаблівую пашану святому аддаюць манахі Ордэна Братоў Меншых, паколькі сам святы Максімільян быў францішканінам. З нагоды 70-й гадавіны смерці святога 2011 год у супольнасці францішканаў быў аб’яўлены годам св. Максімільяна Кольбэ. З нагоды распачацця 14 жніўня 2010 г. года св. Максімільяна з пасланнем да субратоў звярнуўся Генеральны міністр Ордэна Братоў Меншых брат Марко Таска OFM Conv. У пасланні святар адзначыў, што «нагода 70-годдзя мучаніцтва св. Максімільяна Кольбэ, яго найвялікшага дару сябе ў канцлагеры ў Асвенціме, справы вялікай любові, якая паспрыяла таму, што святы атрымаў тытул апекуна нашага складанага часу, асабліва для нас, браты, з’яўляецца добрай нагодай і адначасова запрашэннем, каб сабраць яго спадчыну, а таксама прыняць яго і наша прызначэнне». Брат Марко заклікае францішканаў, а таксама іх паству, каб гэты год стаў адказам на заклік Слугі Божага кардынала Стэфана Вышынскага: «Не гасіце дух айца Максімільяна».
«Шлях да святасці, які паказвае нам святы Максімільян і да якога заахвочвае сваім заступніцтвам, асноўваецца на штодзённым прыняцці жыцця, прысвячэнні Пану, наследванні Хрыста, прыняцці свайго прызначэння з пакорай».
Святы Максімільян, жыццё якога было звязана таксама і з нашаю краінаю, з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі. Імя святога носяць шматлікія парафіі нашай краіны. Адной з іх з’яўляецца маладая мінская парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ. Тут 14 жніўня 2010 г., у суботу, вернікі святкавалі дзень свайго нябеснага заступніка. Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.