2010-08-13 15:08:14

Браслаў:Усвядоміць каштоўнасць маладосці
«Настаўнік Добры, што мне рабіць?» — пад такім дэвізам з 9 па 12 жніўня ў кляштары сясцёр эўхарыстак адбываліся рэкалекцыі для дзяўчат.


Галоўнай мэтай стала пакласці пачатак падрыхтоўкам да Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца летам 2011 года ў Мадрыдзе (Іспанія).У духоўных практыкаваннях прынялі ўдзел дзяўчаты з Браслава, Віцебска, Барысава і парафій Гродзенскай дыяцэзіі.Па словах сясцёр эўхарыстак, час супольнага прабывання ў радасці дапамагае адкрыць каштоўнасць маладосці, а ціхая малітва, роздум і сузіранне — адчуць на сабе пяшчотны позірк любячага Стварыцеля. Дні рэкалекцый былі насычаны малітвай. Адметным стаў дзень маўчання і разважання над Божым словам. Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту быў час на прыватную адарацыю, калі кожная дзяўчына заставалася сам-насам з Езусам эўхарыстычным, змешчаным у манстранцыі. На заканчэнне адбыліся сведчанні аб перажытым дні ў цішыні, а затым — удзел у святой Імшы.Па словах с. Наталлі Арлянковіч SJE, менавіта за гэты дзень, які для многіх стаў новым вопытам, дзякавалі дзяўчаты. Разважанне над Божым словам — гэта вялікі духоўны пасілак, таму што толькі яно адзіна вернае, — такім было сведчанне адной з удзельніц рэкалекцый. Як сцвярджалі самі дзяўчаты, рэкалекцыі дапамаглі ім адказаць на многія пытанні, а таксама задумацца аб тым, на якім месцы ў іх жыцці знаходзіцца Бог. Тым не менш, некаторыя з дзяўчат адзначылі, што разважанне над Божым словам і яго пазнанне патрабуе моцных высілкаў і засяроджання.Акрамя гэтага, удзельніцы рэкалекцый наведалі мясцовы Дом-інтэрнат для састарэлых, дзе адбылася святая Імша і сустрэча са старэйшымі людзьмі.Рэкалекцыі для дзяўчат праводзяцца два разы на год: І тур — для студэнцкай моладзі, ІІ — для дзяўчат школьнага ўзросту (да 16 год). Другі тур рэкалекцый адбудзецца ў лістападзе падчас школьных канікул.Адзін з роздумаў аб перажытых рэкалекцыях:
«Рэкалекцыі для мяне — гэта неспадзяваны падарунак Пана Бога, магчымасць дакрануцца да Хрыста жывога, якога я сустрэла ў людзях, якія побач. У Браславе сабраліся дзяўчаты вельмі розныя, але нас аб’яднала адно: пошук Хрыста і пытанне: Настаўнік Добры, што мне рабіць?.. Адказаць на яго нам дапамагалі сёстры эўхарысткі, ксяндзы і, спадзяюся, сам Пан Бог, які паклікаў нас сюды. Мы перажывалі за дзень столькі, колькі наш розум адразу не мог ахапіць і зразумець. Першым адгукалася сэрца, якое пашыралася і напаўнялася ласкай Божай з кожнай новай сустрэчай з Езусам.
Рэкалекцыі мелі вельмі насычаную праграму, якая ўключала падрыхтоўку да святых Імшаў і ўдзел у іх, разважанні, Ружанец, адарацыі, дзень маўчання, наведванне Дома-інтэрната для састарэлых, выезды на прыроду, а таксама дапамогу сёстрам, працу на кухні і ў нашых пакоях.
Прашу Пана Бога, каб Ён наведаў і паклікаў як мага больш дзяўчат і хлопцаў да Сябе праз рэкалекцыі і іншыя формы працы з моладззю. Амэн».







All the contents on this site are copyrighted ©.