2010-08-10 15:22:44

Набліжаецца дзень святкавання юбілею 300-годдзя кансакрацыі мінскага арцыкатэдральнага касцёла iмя Найсвяцейшай Панны Марыі


Catholic.By 9 кастрычніка 2010 года у 12.00 распачнуцца святочныя мерапрыемствы, якія ўзначаліць пасланнік Папы Бенядыкта 16 кардынал Юзаф Томко, былы прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Належна духоўна падрыхтавацца да юбілею запрашае народ Божы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Заклікаю ўсе парафіі, манаскія супольнасці, рухі і вернікаў сваімі малітвамі належным чынам падрыхтавацца да юбілею 300-годдзя кансэкрацыі сучаснай мінскай Архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі», — чытаем у звароце Мітрапаліта Кандрусевіча да вернiкаў беларускага Касцёлу і асабліва парафіянаў арцыдыяцэзіі. Дэвіз святкавання — «Gaudium et spes» («Радасць і надзея»).Кульмінацыйным пунктам падрыхтоўкі, як паведамляецца ў звароце, стане Навэнна, якая будзе праходзіць ў арцыкатэдры з 30 верасня па 8 кастрычніка 2010 года. Тытул Навэнны(Дзявяткі) ўзяты ад назвы аднаго з галоўных дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes». Арцыпастыр, давяраючы ўсіх апецы Маці Божай, выказвае надзею, што святкаванне юбілею гістарычнай святыні стане «новым актам развіцця і ўмацавання нашай веры, надзеі і любові».
Арцыкатэдральны касцёл знаходзіцца на пл. Свабоды, 9, у Мінску. Рэстаўрацыя і адраджэнне святыні было здзейснена шмат у чым дзякуючы намаганням нашага высокашаноўнага кардынала Казіміра Свёнтка.
28 ліпеня сёлета была ўтворана камісія па падрыхтоўцы і святкаванні юбілея на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоніем Дзям’янкам. Дэкрэт падпісаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.Урачыстасць будзе мець перш за ўсё душпастырскі характар. Святкаванню будзе папярэднічаць правядзенне спецыяльнай 9-дзённай Навэнны ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі. У мінскай арцыкатэдры яна будзе ўключаць ружанцовую малітву, святыя Імшы і штодзённае агучванне рэфератаў на эклезіялагічную, іерархічную, літургічную або гістарычную тэматыку. Для выступлення з рэфератамі запрошаны таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. У іншых парафіях арцыдыяцэзіі Навэнна будзе ўключаць ружанцовую малітву і святыя Імшы з гаміліямі на эклезіялагічную тэматыку.У святкаванні, акрамя душпастыраў і вернікаў Беларусі, прымуць удзел шматлікія госці з-за мяжы. У сувязі з гэтым урачыстая літургія 9 кастрычніка будзе цэлебравацца на лацінскай мове. Ля святыні звонку будзе ўсталяваны святлодыёдны экран. На дзень цэнтральных урачыстасцяў будзе арганізавана група парадку.
Даведка Касцёл быў заснаваны айцамi езуiтамi 31 лiпеня 1700 г. Яго кансэкрацыю здзейснiў бiскуп Вiленскi Канстанты Казiмiр Бжастоўскi 16 сакавiка 1710 г.
28 красавiка 1798 г. святыні была нададзена годнасць катэдральнага касцёла. З красавiка 1905 г. пэўны час пробашчам катэдры быў ксёндз Зыгмунт Лазiнскi.У пасляваенны часы 20 стагоддзя касцёл быў адабраны ў вернікаў i перададзены пад «Дом фiзкультуры». У 1951 г. святыня была цалкам спустошана i перабудавана.У снежні 1993 г. паводле пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь будынак мiнскай катэдры быў вернуты католiкам.








All the contents on this site are copyrighted ©.