2010-08-09 14:12:06

VI Міжнародны фестываль «Magnificat-2010» адбудзецца ў верасні
catholic.by


Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010» сёлета распачнецца 7 верасня ў Мінску, а затым працягне сваю працу ў Глыбокім і Удзеле (Віцебская дыяцэзія). Завершыцца фестываль 11 верасня.
Фестываль упершыню за яго гісторыю будзе распачынацца ў Мінску, што звязана з юбілеямі, якія адзначаюць мінскія святыні: архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі — 300-годдзе кансэкрацыі, касцёл св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) — 100-годдзе пабудовы. Стартаванне фестывалю ў Мінску дазволіць таксама яго ўдзельнікам пазнаёміцца з беларускай сталіцай.
Праграма правядзення фестывалю MAGNIFICAT-2010 на catholic.by
Акрамя месца распачацця фестывалю быў зменены і час яго правядзення. Звычайна конкурс распачынаўся 24 чэрвеня, аднак у сувязі з тым, што гэта час адпачынкаў і канікул, а таксама час пілігрымавання ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, вялікая колькасць жадаючых не магла прымаць удзел у мерапрыемстве.
У гэтым годзе ў конкурсе прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін: Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Аўстралія, Харватыя, Італія, Іспанія, Германія, Грузія, Індзія, Літва, Латвія, Канада, Амерыка. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі сёлетняга конкурсу, паводле колькасці дасланых прац, сталі Беларусь, Расія, Італія, Іспанія.
Журы па традыцыі будзе мець міжнародны склад. У склад журы пастаянна ўваходзіць прадстаўнік духавенства, дзеячы свету мастацтва і культуры.Фестывалю папярэднічае конкурсны адбор дасланых прац. Акрамя гэтага, здзяйсняецца пераклад фільмаў і тэлепраграм на беларускую мову і робяцца дубліраваныя дыскі. Агучвае пераклад прафесійны дыктар Алег Вінярскі.Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» існуе пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ля яго вытокаў стаялі таксама Віцебская дыяцэзія, часопіс «Дыялог» на чале з братам Корнэлем Консэкам SVD і УП «Стоп-кадр».Галоўная мэта фестывалю — евангелізацыя грамадства, падтрымка агульначалавечых каштоўнасцяў праз працы беларускіх і замежных майстраў кіно і тэлебачання, створаныя ў розных хрысціянскіх традыцыях.









All the contents on this site are copyrighted ©.