2010-07-29 12:35:10

Выйшаў чарговы “Кніганоша”



Выйшаў чацверты нумар літаратурнага бюлетэня “Кніганоша”. У рубрыцы “Аўтограф” увазе чытачоў прадстаўлена гутарка з вядомым беларускім філосафам, паэтам і літаратурным крытыкам Валянцінам Акудовічам, чый юбілей незвычайным чынам адсвяткавалі прыхільнікі яго творчасці ў чэрвені. Пра тое, ці можна нарадзіцца пісьменнікам, пра свой шлях да жанру эсэ, а таксама пра новую кніжную серыю выдавецтва “Логвінаў” распавядае ў сваім інтэрв’ю В. Акудовіч.
Сярод больш, чым 30 кніг, пра якія вядзецца гаворка на старонках бюлетэня, аматары добрага чытва знойдуць анатацыі, як на кніжныя навінкі гэтага году (“Папулярная музыка з Вітулы” Мікаэля Ніэмі, Выбраныя творы Казіміра Сваяка, “Яська і конік ягоны Грыўка” Юрыя Усціновіча, “Лісты да запатрабавання” Генадзя Бураўкіна і інш.), так і на літаратурныя творы, якія ў той ці іншай ступені ўжо знайшлі свой шлях да чытача (“Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан ”, двухтомнік твораў Збігнева Герберта, “Рыцары і дойліды Гародні” Алеся Краўцэвіча, альманах “Асоба і час” і інш.).
Гэтым разам у рубрыцы “Погляд” чытачы маюць магчымасць азнаёміцца з артыкуламі пра новую кнігу Сяргея Астраўца “Каты Ёзафа Ратцынгера: апавяданні, эсэ, рэпартажы з Горадні”, а таксама “Трыццаць тэкстаў“ Дзмітрыя Плакса.








All the contents on this site are copyrighted ©.