З 1 верасня ў беларускіх школах з’явяцца «Асновы праваслаўнай культуры»
З новага навучальнага года ў сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі з 1-га па
11-ы класы будзе ўведзена навучальная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы праваслаўнай
культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян».
Пра гэта карэспандэнту паведаміў
сябра Каардынацыйнай рады Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы па
пытаннях супрацоўніцтва, старшыня РГА «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай
адукацыі» Уладзімір Грозаў. «Праграма курса па асновах праваслаўнай культуры прайшла
ўсе неабходныя ўзгадненні, у тым ліку ў Нацыянальным інстытуце адукацыі і ў Мінадукацыі.
Зараз БПЦ і Мінадукацыі прыкладаюць намаганні па распрацоўцы вучэбна-метадычнага комплексу
да навучальнай праграмы новага школьнага факультатыву. Такая праграма, трэба сказаць,
уводзіцца ўпершыню ў краіне. Усё гэта дазволіць ахвотным — а факультатыў мае на ўвазе
тое, што гэта заняткі на выбар — далучыцца да асноваў духоўнай культуры праваслаўя»,
— распавёў Грозаў. Паводле яго словаў, да гэтага часу ў краіне не было такіх праграм,
якія ахопліваюць увесь перыяд навучання ў школе. Праграма факультатыўных заняткаў
«Асновы праваслаўнай культуры. Праваслаўныя святыні ўсходніх славян» была ўхваленая
рашэннем Каардынацыйнай рады Міністэрства адукацыі і БПЦ па пытаннях супрацоўніцтва
ад 4 лютага 2010 г.